24 красавіка 2024 года ў Мсціславе прайшоў III Маладзёжны форум «Што ты зрабіў для Радзімы». Упершыню ён сабраў разам моладзь Магілёўскага краю і Расійскай Федэрацыі.
Ініцыятарамі правядзення міжрэгіянальнага форуму з'яўляюцца райсавет дэпутатаў і маладзёжны парламент. Мсціслаўшчына гасцінна прымала на сваёй зямлі моладзь Крычаўскага і Чавускага раёнаў. Таксама ўдзельнікамі форуму сталі прадстаўнікі Пачынкаўскага і Шумяцкага раёнаў Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Сярод запрошаных былі прадстаўнікі мясцовай улады, аддзелаў райвыканкамаў, грамадскіх арганізацый і партый.
Мерапрыемства прайшло напярэдадні 9 мая і было прысвечана 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Форум стаў месцам дыялогу, дзе кожны змог расказаць пра свае ініцыятывы, праекты, добрыя і важныя справы, якія дазваляюць рабіць гарады, сельскія населеныя пункты больш прыгожымі і ўтульнымі, а жыццё іх жыхароў цікавым і разнастайным. Удзельнікаў маладзёжнага форуму ў Мсціславе чакала насычаная і цікавая праграма. Падчас відэапрэзентацый кожны бок-удзельнік прадставіў свой раён і яго гісторыю. У межах праграмы мерапрыемства ўдзельнікі форуму высадзілі алею туй каля гімназіі г. Мсціслава і ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ля брацкай магілы ў парку Міру, усклаўшы кветкі да падножжа помніка.
У гімназіі г. Мсціслава прайшла прэзентацыя маладзёжных ініцыятыў, што рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі Мсціслаўскага раёна. У раённым Доме рамёстваў адбылася выстава-прэзентацыя прадукцыі маладых спецыялістаў, якія працуюць на прадпрыемствах раёна, і работ супрацоўнікаў Дома рамёстваў.
Адным з галоўных этапаў мерапрыемства стала прэзентацыя дэлегацыямі – удзельніцамі форуму маладзёжных ініцыятыў «Што ты зрабіў для Радзімы». Кожная з дэлегацый расказала пра тое, якімі добрымі справамі і ініцыятывамі напоўнена жыццё моладзі, якую дапамогу аказваюць у іх рэалізацыі прадстаўнікі мясцовай улады, установы і арганізацыі.
Падрыхтавана па матэрыялах сайта https://mstlife.by