XIV Фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродна 7–8 чэрвеня і скончыцца 9 чэрвеня на Аўгустоўскім канале. У рамках мерапрыемства выступяць прадстаўнікі 36 нацыянальнасцей, артысты-аматары з усіх абласцей нашай краіны і беларусы замежжа.
Свята пачнецца 7 чэрвеня з вялікага шматнацыянальнага шэсця, прадстаўлення ўсіх нацыянальных аб'яднанняў і вялікага канцэрта на галоўнай сцэне фестывалю. У гэтым годзе ўпершыню будуць удзельнічаць артысты з Аргенціны, Манголіі, Бураціі, Камеруна, Егіпта.
8 чэрвеня на цэнтральных вуліцах і плошчах Гродна разгорнецца 19 нацыянальных падворкаў, дзе па традыцыі прадставяць песні і танцы, гульні, конкурсы, стравы народнай кухні. Самым вялікім на фестывалі стане гасцінны Беларускі падворак, на сцэне якога выступяць ансамбль беларускай песні «Медуніца» і вакальны ансамбль «Белая Русь» з Томска, мужчынскі пеўчы калектыў «Ватага» з Бранска. Вялікі канцэрт на фестывалі дадуць артысты тэатра эстрады Дома мастацтваў Калінінграда.
Старонкамі памяці стануць урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ахвярам генацыду беларускага народа і загінулым на тэрыторыі Гродзенскай турмы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дыялогавая пляцоўка «Адзінства народаў – залог Вялікай Перамогі. Беларусь – наш агульны дом», дзе збярэцца моладзь розных нацыянальнасцей і людзі старэйшага пакалення.
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадставіць перасоўны комплекс «Дарогамі памяці». З турыстычным патэнцыялам Беларусі пазнаёміць экспазіцыя ў двары новага замка. Гісторыю фестывалю прадставяць 40-метровы фотаплот уздоўж агароджы Новага замка і вялікая выстава заслужанага аматарскага калектыву Беларусі народнай студыі фотамастацтва «Гродна» ў культурным цэнтры «Фестывальны».
Апошні фестывальны дзень пройдзе на Аўгустоўскім канале, якому сёлета спаўняецца 200 год. На пляцоўцы каля шлюза Дамброўка гасцей чакаюць фаер-шоу, флэшмоб у нацыянальных касцюмах, спаборніцтва лесарубаў, фестываль рыбнай лоўлі, шоу барабаншчыкаў, выступленне танцавальных калектываў, знаёмства з гісторыяй канала і многае іншае. Удзельнікі свята выпусцяць у неба галубоў і пусцяць па вадзе караблікі з пасланнямі да жыхароў краін-суседак з заклікамі да міру.
Падрыхтавана паводле сайта Гродзенскага аблвыканкама