27 ліпеня 2024 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава «Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII–XIX ст.».
Экспазіцыя выставы раскрывае ў першую чаргу сімвалічны аспект мастацтва Беларусі XVII–XIX ст., які раней разглядаўся ў падобных праектах у агульным кантэксце знаёмства з традыцыйнай культурай. Каля 100 твораў жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, старадрукаваных кніг, створаных на працягу гэтага перыяду, прэзентуюць Нацыянальны мастацкі музей і Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Канцэпцыя экспазіцыі прадугледжвае чатыры тэматычныя раздзелы: сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў выявах Маці Божай, Ісуса Хрыста, яго вучняў і паслядоўнікаў. Апошняя зала выставы прысвечана партрэтнаму жывапісу, дзе на прыкладзе вобразаў дзяржаўных дзеячаў, духоўных асоб, сямейных пар адлюстравана бесперапынная традыцыя выкарыстання сімвалічных дэталяў, якія раскрываюць патаемны сэнс твора.
Выстава будзе працаваць да 13 кастрычніка 2024 года ў галоўным корпусе музея.
Падрыхтавана паводле сайта https://artmuseum.by