Долі інакшай не трэба зямной,
Сэрца пагоднее ад суцяшэння:
Родная мова ступала за мной
Ад калыханкі да галашэння...
Р. Барадулін
Рыгор Барадулін – беларускі паэт, эсэіст і перакладчык. Народны паэт Беларусі (1992). У гэтым годзе мы адзначаем знамянальную дату – 90-годдзе з дня нараджэння Рыгора Іванавіча Барадуліна, паэта і шматграннай асобы, якая пакінула глыбокі след у гісторыі беларускай літаратуры. Яго творчасць стала сапраўдным здабыткам беларускай культуры, а яго ўклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і мовы не можа быць пераацэнены.
Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сваю матулю, звычайную беларускую сялянку, працаўніцу і песенніцу Акуліну Андрэеўну, паэт пазней назаве «стыхійна вялікім філолагам». Гэта менавіта яна і бабуля па мацярынскай лініі – Малання Несцераўна, якая ведала многа казак, песень, «прыбабунек», – удыхнулі ў душу хлапчука любоў і чуйнасць да роднага слова.
Вялікая Айчынная вайна адбілася ў свядомасці Р. Барадуліна шэрымі, як хмары, натоўпамі палонных чырвонаармейцаў, параненых і панурых. На вялікі жаль, бацька будучага паэта загінуў у 1944 годзе падчас вайны ў партызанскім атрадзе.
Ва Ушацкай сярэдняй школе, дзе вучыўся будучы пісьменнік, былі любімыя настаўнікі, якія давалі станоўчы прыклад, фарміравалі ідэалы прыгажосці і чалавечнасці, абуджалі ў душы падлетка прагу да ведаў, любоў і цікавасць да роднага слова. Прыкметны ўплыў на выбар жыццёвага шляху будучага паэта аказаў настаўнік роднай літаратуры Канстанцін Паўлавіч Баразна, якога Рыгор Барадулін называў сваім першым літаратурным настаўнікам. Ён наладзіў выпуск школьнага літаратурнага альманаха «Першыя крокі». Там упершыню з’явіліся вершы старшакласніка Р. Барадуліна – аднаго з першых паэтаў Ушацкай школы.
Пасля школы Р. Барадулін вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, які скончыў у 1959 годзе. Універсітэт адкрыў Барадуліну новага, «нехрэстаматыйнага», вялікага Янку Купалу. Сваімі літаратурнымі настаўнікамі Р. Барадулін лічыў П. Броўку, П. Панчанку, А. Вялюгіна. Рыгор Барадулін пазнаёміўся і пасябраваў на ўсё жыццё са шчырым і непасрэдным Уладзімірам Караткевічам, які ўжо тады здзіўляў аднагодкаў сваёй адукаванасцю.
Яшчэ студэнтам Р. Барадулін быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969), «Мастацкая літаратура» (з 1972). Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).
Сапраўднымі падзеямі ў беларускай літаратуры сталі кнігі Р. Барадуліна «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Свята пчалы» (1975), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Аратай, які пасвіць аблокі» (1995), «Руны Перуновы» (2006), «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» (2013).
Творы Р. Барадуліна апошніх дзесяцігоддзяў вызначаюцца багаццем зрокавых, гукавых, канкрэтна-пачуццёвых асацыяцый, метафар, сугуччаў. Тэма Бацькаўшчыны, асэнсаванне гістарычнага шляху Беларусі, над якой пранёсся знішчальны шквал Чарнобыля, рысы беларускага нацыянальнага характару і іх сувязь з культурна-гераічным і асветніцкім мінулым і іншыя праблемы сучаснасці, будучыні, жыццядзейнасці нацыі – усё гэта глыбока і таленавіта асэнсоўваецца ў паэзіі Р. Барадуліна. Ён вядомы і як арыгінальны дзіцячы пісьменнік, і як аўтар гумарыстычных і сатырычных твораў, і як перакладчык на родную мову такіх знакамітых мастакоў слова, як Ян Райніс, Іван Драч, Амар Хаям, Уільям Шэкспір, Адам Міцкевіч, Сяргей Ясенін, Расул Гамзатаў і інш. Многія вершы Р. Барадуліна пакладзены на музыку. Яго творы перакладзены больш як на трыццаць моў розных народаў свету.
Паэта не стала 2 сакавіка 2014 года. Па запавеце Р. Барадуліна яго пахавалі на радзіме, ва Ушачах, побач з матуляй Акулінай Андрэеўнай.