22 мая споўнілася 155 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Чуркіна – аднаго з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы, пачынальніка нацыянальнай сімфоніі, выдатнага фалькларыста, дзеяча беларускай музычнай культуры.
Крыніцай творчага натхнення для Чуркіна стала паэзія Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Журбы, Канстанцыі Буйло і іншых паэтаў, на вершы якіх былі напісаны рамансы і песні. Асновай самага вядомага твора кампазітара – першай нацыянальнай сімфоніі «Беларускія карцінкі» – стаў беларускі фальклор. Да найбольш значных твораў Мікалая Чуркіна варта аднесці музычную камедыю «Песня Бярэзіны», «Танцавальную сюіту», уверцюру «Памяці Янкі Купалы», сюіту «Мары аб Палессі», чатыры сюіты для аркестра беларускіх народных інструментаў, сем струнных квартэтаў, фартэпіянныя п'есы, творы для хору, рамансы і песні на вершы беларускіх паэтаў, апрацоўкі беларускіх, грузінскіх, армянскіх, азербайджанскіх, таджыкскіх, літоўскіх, польскіх народных песень і інш. Кампазітар стварыў мноства разнастайных па жанры музычных твораў, сабраў больш за тры тысячы мелодый народных песень і танцаў, склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» і «Беларускія народныя песні».
За свае заслугі кампазітар быў удастоены ганаровага звання народнага артыста Беларускай ССР, узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
У 1965 г. Мсціслаўскай музычнай школе было прысвоена імя Мікалая Чуркіна. У Мінску на доме па вуліцы Кісялёва, дзе жыў кампазітар, устаноўлена мемарыяльная дошка. З 2002 г. у Мсціславе праходзіць фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна.
Да 155-годдзя выдатнага кампазітара і фалькларыста ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ў Мінску 20 мая адкрылася выстава «Чароўны гук народнай песні», на якой прадстаўлены нотныя рукапісы, зборнікі песень Мікалая Чуркіна і фатаграфіі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Падрыхтавана па матэрыялах БЕЛТА