МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

Сусветны дзень паэзіі

Падабаецца – што ж, пішы...
Вершы – гэта святло душы!
Г. Аўласенка

21 сакавіка – Сусветны дзень паэзіі. Свята адзначаецца з 1999 года па рашэнні ЮНЕСКА з мэтай «надаць новы імпульс і новае прызнанне нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным паэтычным рухам». З нагоды гэтага дня традыцыйна праводзяцца літаратурныя сустрэчы і прэзентацыі кніг, ладзяцца творчыя конкурсы і паэтычныя акцыі.

Паэзія – гэта адзін з асноўных тыпаў мастацтва слова, эмацыянальна-вобразная вершаваная творчасць, якой уласцівы шырокае ўжыванне адмысловых слоўных вобразаў, настроенасць на яркія, прыгожыя, гарманічна выказаныя пачуцці і думкі. Геніяльны Леанарда да Вінчы называў яе «жывапісам, які чуеш», а нямецкі пісьменнік Іаган Гердэр «музыкай душы».

Лічыцца, што найстаражытнейшымі ў свеце паэтычнымі радкамі з’яўляюцца вершы-гімны, напісаныя ў XXIII стагоддзі да н. э. жрыцай Энхедуанай – дачкой акадскага цара Саргона. Увогуле ж людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё складанню вершаў, вядомыя ў розных народаў свету з глыбокай старажытнасці. Яны звычайна жылі пры двары ўладара або вандравалі ад аднаго паселішча да другога і пад гукі пэўнага музычнага інструмента выконвалі ўласныя ці фальклорныя творы. Гэта – старажытнарускія баяны і гусляры, беларускія лірнікі, дудары і песняры, украінскія кабзары і бандурысты, старажытнагрэчаскія рапсоды і аэды, старажытнакельтскія барды, сярэдневяковыя нямецкія мінезінгеры і ваганты, армянскія гусаны, закаўказскія ашугі, сярэднеазіяцкія акыны і інш.

Пачынальнікам беларускай літаратурнай паэтычнай традыцыі з’яўляецца Францыск Скарына: у некалькіх яго прадмовах да біблейскіх кніг сустракаюцца вершаваныя радкі. Першым жа прафесійным паэтам, які пісаў  старабеларускай мове, лічыцца Андрэй Рымша, а першым творцам-эсперыментатарам – Сімяон Полацкі. У паэтычнай спадчыне апошняга можна сустрэць вершы, напісаныя ў выглядзе васьміканцовай зоркі, ромба, сэрца, серпанцінавай стужкі, крыжа.

Здабыткі старабеларускай паэзіі памнажаліся на працягу многіх стагоддзяў плёнам працы шматлікіх майстроў вершаванага слова. Найлепшым жа нацыянальным песнярам прысвойваецца ганаровае званне народнага паэта. Першымі народнымі паэтамі Беларусі сталі Янка Купала і Якуб Колас. Пазней гэтае званне атрымалі Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін.

Сусветны дзень паэзіі – цудоўная нагода яшчэ раз пацешыць сваю душу і розум прыгажосцю вершаванага радка. Дастаткова проста ўзяць з кніжнай паліцы любімы томік… Чытайце найчасцей паэзію, бо яна, як сцвярджае Максім Танк, «вясёлкавы мост ад сэрца людскога да мары».

 

НІА

QR-код национального образовательного портала

ПОЛЕЗНЫЕ ССЫЛКИ

КОНТАКТЫ

 ул. Короля, 16, 220004, г. Минск

         Контакты

         Магазин учебной книги «Адукацыя»

         e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.