Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Першай сталіцай свята ў 1994 годзе быў старажытны Полацк, потым гасцей з усяго свету сустракалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок, Івацэвічы.
Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе Гродзенскай вобласці, вядомай з XIV ст. У гэтым старажытным горадзе захаваўся сярэдневяковы замак-кастэль – унікальны помнік абарончага дойлідства XIV ст. Ён стаў не толькі адным з першых мураваных замкаў ВКЛ на беларускіх землях, але і правобразам сусветна вядомага Мірскага замка, які праз два стагоддзі пабудаваў намеснік Ліды князь Юрый Ільініч. Ураджэнцамі Лідскага краю з'яўляюцца яркія асобы беларускай культуры, сярод якіх паэтэса Данута Бічэль-Загнетава, пісьменнік Віктар Праўдзін і многія іншыя. Сваё імя ў гісторыю горада і ўсёй краіны назаўсёды ўпісаў Валянцін Таўлай – таленавіты паэт і літаратуразнаўца, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, разведчык, рэзідэнт партызанскага штаба на службе ў нямецкіх акупацыйных улад і кіраўнік антыфашысцкай агентурнай сеткі на захопленых ворагам тэрыторыях.
У праграме сёлетняга Дня беларускага пісьменства шмат мерапрыемстваў, якія зацікавяць прыхільнікаў кнігі і проста людзей, якія жадаюць карысна правесці час. Галоўныя тэмы свята: 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне; 500-годдзе з моманту выдання першай кнігі на беларускай зямлі – славутага «Апостала» Францыска Скарыны; Рэспубліканскі Год добраўпарадкавання; юбілеі выдатных дзеячаў беларускай літаратуры.
Урачыстае адкрыццё свята і цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і «Лідскія чытанні» запланаваны на 6 верасня.
Традыцыйна Міністэрства інфармацыі арганізуе Фестываль кнігі і прэсы, дзе можна будзе азнаёміцца з навінкамі беларускага выдавецкага рынку. Гасцей чакае насычаная праграма: інтэрактыўныя зоны ад БРСМ, Беларускага саюза жанчын, бібліятэк і СМІ Гродзенскай вобласці, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, работа фудкортаў, рэкламна-інфармацыйны тур па славутасцях горада і раёна.
Больш падрабязна пра праграму XХХII Дня беларускага пісьменства можна даведацца тут.