Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Першай сталіцай свята ў 1994 годзе быў старажытны Полацк, потым гасцей з усяго свету сустракалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Слонім і іншыя культурныя цэнтры Беларусі.
Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе 31 жніўня і 1 верасня ў горадзе Івацэвічы Брэсцкай вобласці, вядомага з XVI ст. Горад стаіць на беразе маляўнічай рэчкі Грыўда – правым прытоку Шчары, і мае на сваім гербе кветку лілеі на зялёна-залатым фоне – сімвал чысціні і арыстакратызму. Візітная картка Івацэвічаў – радавая сядзіба Юндзілаў, пабудаваная ў стылі класіцызму ў канцы XVIII ст. У Івацэвіцкім раёне ёсць яшчэ адзін унікальны помнік неагатычнай архітэктуры XIX ст. – гэта палац Пуслоўскіх, добра вядомы як Косаўскі замак. Побач з замкам знаходзіцца музей-сядзіба нацыянальнага героя Беларусі Тадэвуша Касцюшкі. У Івацэвічах размешчаны мемарыяльны знак пункта Дугі Струвэ, які ўстаноўлены ў гонар маштабных даследаванняў формы Зямлі ў пачатку XIX ст. пад кіраўніцтвам геадэзіста Васіля Струвэ. Горад звязаны з многімі знакамітымі імёнамі, сярод якіх Піліп Пестрак – беларускі пісьменнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.
У праграме Дня беларускага пісьменства шмат мерапрыемстваў, якія зацікавяць прыхільнікаў кнігі і проста людзей, якія жадаюць карысна правесці час. Тэматыка свята разнастайная: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь, 30-годдзе прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Год якасці, юбілеі класікаў беларускай літаратуры.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства распачнецца рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыяй «Дарога да Святыняў», якая стартуе 28 жніўня. Рэспубліканскі круглы стол «Час выбраў нас» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, грамадскіх і культурных дзеячаў адбудзеца 29 жніўня ў Палацы Рэспублікі.
31 жніўня – 1 верасня Міністэрствам інфармацыі будзе арганізавана работа Фестывалю кнігі і прэсы, прадстаўленая тэматычнымі павільёнамі: «Сучасная Беларусь», «Беларусь памятае», «Зроблена ў Беларусі», «Слова пісьменніка».
Жыхароў і гасцей Івацэвічаў у гэтыя дні чакае пляцоўка «Турыстычны патэнцыял Брэсцкай вобласці і Івацэвіцкага раёна», а таксама экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», музея «Замкавы комплекс „Мір“».
31 жніўня запланаваны: правядзенне ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак да помніка загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны; навукова-практычная канферэнцыя «Iвацэвіцкія чытанні»; сустрэчы з народным пісьменнікам Беларусі М. І. Чаргінцом, народнай артысткай БССР М. Г. Захарэвіч, народным артыстам Беларусі Э. С. Ханком; паказ дакументальнага фільма «Загадана жыць»; адкрыццё арт-аб’екта «Дзеці лясной школы»; гала-канцэрт пераможцаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».
1 верасня адбудзецца Боская літургія, якая і завершыць навукова-асветніцкую экспедыцыю «Дарога да святыняў». Таксама пройдуць прэзентацыя літаратурна-мастацкай імпрэзы Саюза пісьменнікаў Беларусі і ўзнагароджанне журналістаў – пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу «Хвала рукам, што пахнуць хлебам».
Урачыстая цырымонія закрыцця свята пачнецца ў 14 гадзін, у рамках якой вымпел сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2025 годзе перададуць гораду Ліда Гродзенскай вобласці.
Больш падрабязна пра праграму XХХI Дня беларускага пісьменства можна даведацца тут.
Падрыхтавана па матэрыялах сайта
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь