У Нацыянальнай бібліятэцы 1 чэрвеня прайшло дзіцячае свята «Разумнейшыя за ўсіх на свеце!», прымеркаванае да Дня абароны дзяцей.
Свята пачалося з тэатралізаванага адкрыцця з удзелам Леры Бернатовіч, Арцёма Скораля і шоу-тэатра «Хвілінка». Пасля ўрачыстага старту юныя ўдзельнікі і іх бацькі адправіліся на актыўныя квэсты і гульні, выступленні беларускіх зорак і блогераў, займальныя майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы і ток-шоу.
Кампаніі дзяцей збіраліся на майстар-класы па тэхніцы нетрадыцыйнага малявання «Вясёлыя дзеці» і лепцы з паветранага пластыліну «Кветкі на палянцы», на творчыя заняткі па аб'ёмнай аплікацыі «Страказа ў чароце».
Таксама можна было ўбачыць спектакль «Марское падарожжа» Тэатра мюзікла METROPOLIS Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Эўрыка», музычна-забаўляльную праграму ад «Каманды першых».
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі падрыхтаваны тэматычныя заданні: экскурсія-квэст «Шлях да ведаў: Вялікая Айчынная вайна» і пазнавальны квэст па выставе «Памяці вечны агонь».
Арганізатары стварылі спецыяльную зону чытання з беларускімі зоркамі і блогерамі «З кніжкай у абдымку». Таксама на пытанні дзяцей адказвала мадэль і выкладчык Нацыянальнай школы прыгажосці Дзіяна Дамарад, дзецям паказалі невялікі майстар-клас па дэфіле. Для падлеткаў адбылося ток-шоу «Жывы Дырэкт» з удзелам кіраўніка Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэны Яроміч і маладых талентаў Беларусі Леры Бернатовіч, Арцёма Скораля і Аляксандры Мелех.
Клуб «Кік файтар» арганізаваў паказальныя выступленні па кікбоксінгу. Працавала асобная пляцоўка са стралковай зброяй, сродкамі сувязі, ваеннай формай і рыштункам ад ваеннай часці 120-й асобнай механізаванай брыгады.
На яркай пляцоўцы МНС у гульнявой форме ратавальнікі расказалі дзецям і іх бацькам аб правілах бяспекі. Школа ЖКГ правяла ўрок камунальнай адукаванасці, дзе дзецям распавялі пра важнасць сарціроўкі смецця.
Падрыхтавана паводле сайтаў https://www.nlb.by, https://minsknews.by