Міжнародны дзень абароны дзяцей, які прыпадае на 1 чэрвеня, адзначаюць ва ўсім свеце з 1950 года. У 1959 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый падрыхтавала Дэкларацыю правоў дзіцяці, а ў 1989 годзе прадставіла першы міжнародна-прававы дакумент, які датычыцца дзяцей, – Канвенцыю аб правах дзіцяці. Вярхоўны Савет СССР падпісаў гэты дакумент 13 ліпеня 1990 года.
Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаюць больш чым у 60 краінах. Яго сімволіка – сцяг зялёнага колеру, на якім вакол знака зямлі размясціліся пяць рознакаляровых чалавечкаў, якія сімвалізуюць адзінства і разнастайнасць людзей, якія жывуць на планеце.
У Беларусі правы і законныя інтарэсы дзяцей замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, Законе Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці» і іншых дакументах, накіраваных на падтрымку падрастаючага пакалення, забеспячэнне першачарговага права ўсіх дзяцей мець сям’ю і годны ўзровень жыцця ў сям’і.
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, на 1 студзеня 2025 г. дзеці ва ўзросце да 18 гадоў складаюць 19,4 % ад агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі – кожны пяты жыхар краіны. 81,2 % дзяцей пражываюць у гарадской мясцовасці, 18,8 % – у сельскай мясцовасці. Самымі папулярнымі імёнамі хлопчыкаў з’яўляюцца імёны Міхась, Мацвей, Цімафей, а дзяўчат – Сафія, Ганна, Ева.
Вялікая ўвага ў нашай краіне адводзіцца адукацыі дзяцей, якая з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Улады накіроўваюць значныя рэсурсы на развіццё адукацыйных устаноў, павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў і стварэнне камфортных умоў для навучання дзяцей. Паводле актуальнай статыстыкі, ва ўстановах дашкольнай адукацыі выхоўваюцца больш за 338 тыс. дзяцей, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі навучаюцца 1 080,4 тыс. дзяцей, ва ўстановах прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі – 67,5 тыс. навучэнцаў, ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі – больш за 116 тыс. навучэнцаў.
З нагоды Дня абароны дзяцей 1 чэрвеня ў гарадах Беларусі пройдуць разнастайныя мерапрыемствы: канцэрты з выступленнямі дзіцячых творчых калектываў, спартыўныя спаборніцтвы, выставы дзіцячых малюнкаў і конкурсы з прызамі, дабрачынныя акцыі і канцэрты, «круглыя сталы» і адукацыйныя семінары. Будзе арганізавана шмат інтэрактыўных пляцовак.
У Мінску 30 мая адбудзецца рэспубліканскае свята «Дзяцінства мірная краіна». У ім прымуць удзел некалькі сотняў хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Маладое пакаленне ўшануе памяць тых, хто абараняў Радзіму, каля мемарыяла «Мінск – горад-герой». Таксама яны пабываюць з экскурсіяй у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, тут на дыялогавай пляцоўцы з прадстаўнікамі Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці навучэнцы і педагогі абмяркуюць будучыню краіны. Для ўсіх удзельнікаў падрыхтаваны святочны канцэрт, які адбудзецца ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
У гэты ж дзень на адкрытай пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пройдзе мерапрыемства пад назвай «Павінны смяяцца дзеці і ў мірным свеце жыць». Свята прымеркавана да Міжнароднага Дня абароны дзяцей і заканчэння навучальнага года, у рамках яго адбудуцца інфармацыйна-асветніцкія і культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Гасцей мерапрыемства чакаюць інтэрактыўныя пляцоўкі ад сталічных МНС і ГУУС, цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі раёнаў сталіцы, а таксама фотазоны, шоу мыльных бурбалак, канцэрт і святочная праграма.
Да Дня абароны дзяцей Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны статыстычны агляд.
Міжнародны дзень абароны дзяцей служыць важнай падставай задумацца пра сучаснасць і будучыню нашых дзяцей, умацаваць грамадскія інстытуты і забяспечыць паўнавартаснае дзяцінства кожнаму дзіцяці.
Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц