8 чэрвеня Саюзу пісьменнікаў Беларусі споўнілася 90 гадоў.
Гісторыя Саюза пачалася ў 1934 г., тады ён называўся Саюз пісьменнікаў БССР. У 1991 г. ён быў ператвораны ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, з 2005 г. – у Саюз пісьменнікаў Беларусі. З сакавіка 2022 г. ім кіруе пісьменнік і дзяржаўны дзеяч Аляксандр Карлюкевіч.
Саюз актыўна прымае ўдзел у грамадскім і культурным жыцці Рэспублікі Беларусь, распрацоўвае і рэалізуе праекты і праграмы, накіраваныя на прапаганду лепшых дасягненняў айчыннага слова. Да 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў саюз падрыхтаваў шэраг новых цікавых праектаў на героіка-патрыятычную тэматыку.
Саюз пісьменнікаў Беларусі з'яўляецца заснавальнікам многіх дзяржаўных літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў: штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Роднае слова». У гэтых выданнях можна прачытаць новыя сучасныя творы і літаратурна-крытычныя публікацыі.
Саюз пісьменнікаў Беларусі цесна супрацоўнічае з дзяржаўнымі выдавецтвамі «Мастацкая літаратура», «Беларусь», выдавецкім домам «Звязда». У Саюза вялікія планы на 2024-2025 гады ў выдавецкай галіне. Таксама аб'яднанне працягвае развіваць міжнароднае супрацоўніцтва. Арганізацыя ўжо працуе з калегамі з Ізраіля, Кітая, з некаторымі рэгіёнамі Расіі і іншых краін.
Падрыхтавана паводле БЕЛТА