МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

15 красавіка – Міжнародны дзень культуры

Культура – гэта мера чалавечнасці ў чалавеку.
Карл Маркс

Міжнародны дзень культуры адзначаецца штогод 15 красавіка ў многіх краінах свету. Свята было заснавана ў гонар прыняцця 15 красавіка 1935 г. міжнароднага дагавора «Аб ахове мастацкіх і навуковых устаноў і гістарычных помнікаў», які стаў вядомы ў міжнародна-прававой практыцы як Пакт Рэрыха.

«Культура» ў перакладзе з санскрыцкага даслоўна азначае «шанаванне святла», а гэта, у сваю чаргу, – імкненне чалавека да прыгожага, ідэальнага, да ведаў і, нарэшце, – да самаўдасканалення.

Міжнародны дзень культуры шырока адзначаецца ў многіх краінах: ладзяцца канцэрты, адкрываюцца выставы, праводзяцца канферэнцыі, творчыя сустрэчы. Свята з’яўляецца добрай нагодай для віншавання работнікаў культуры, якія сваім энтузіязмам і адданасцю справе кансалідуюць прагрэсіўнае грамадства, супрацьпастаўляюць бездухоўнасці выхаванне з дапамогай сапраўднай культуры высакародных пачуццяў.

Самабытная мастацкая культура Беларусі фарміравалася на працягу стагоддзяў. Тут існавалі арыгінальныя архітэктурныя і мастацкія школы, ствараліся непаўторныя музычныя і літаратурныя творы. Усе шэдэўры беларускага мастацтва, якія дайшлі да нашых дзён, знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Яны захоўваюцца ў калекцыях найбуйнейшых беларускіх музеяў, бібліятэках, архівах. Класіка беларускай музыкі і драматургіі дэманструецца на тэатральных падмостках і ў канцэртных залах.

Найбольш выбітныя для айчыннай і сусветнай культуры аб’екты ўключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА: Нацыянальны парк «Белавежская пушча», замкавы комплекс «Мір», архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і Дуга Струве.

У Cпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны: абрад «Калядныя цары» (2009), «Будслаўскі фэст» (2018), абрад «Юраўскі карагод» (2019), культура бортніцтва (2020), саломапляценне (2022), выцінанка (2024).

Сучаснае культурнае жыццё Беларусі дынамічнае і разнастайнае. У краіне праходзіць мноства мастацкіх выстаў, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў. Усё гэта цікава і даступна як для беларусаў, так і для гасцей краіны.

Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў інфаграфіку, якая наглядна расказвае пра культуру нашай краіны.

QR-код национального образовательного портала

ПОЛЕЗНЫЕ ССЫЛКИ

КОНТАКТЫ

 ул. Короля, 16, 220004, г. Минск

         Контакты

         Магазин учебной книги «Адукацыя»

         e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.