5 сакавіка 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца V Вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!».
Пададзеныя заяўкі сведчаць, што вучні VІІI–XІ класаў устаноў адукацыі г. Мінска і Мінскай вобласці абмяркуюць важныя аспекты жыццёвага і творчага шляху класікаў беларускага прыгожага пісьменства, пісьменнікаў-юбіляраў гэтага года Васіля Быкава, Аркадзя Куляшова, Еўдакіі Лось, Максіма Лужаніна, Міхася Лынькова, Алеся Савіцкага, Валянціна Таўлая, Івана Чыгрынава, Ядвігіна Ш., Алеся Якімовіча.
Навуковыя даследаванні вучняў адбіраліся арганізацыйным камітэтам і журы, якія вылучылі да ўдзелу на вочным этапе 33 прапанаваныя работы. Падчас канферэнцыі будзе праходзіць работа літаратурна-краязнаўчай секцыі. Вынікі канферэнцыі падвядзе экспертны савет, у састаў якога ўвайшлі прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, літаратары, педагогі, супрацоўнікі музеяў.
Паводле матэрыялаў сайта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры