Абвешчаны конкурс навукова-даследчых работ да 135-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Гэта сумесная ініцыятыва рэдакцыі часопіса «Роднае слова», Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, скіраваная на захаванне духоўнай спадчыны народа, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і развіццё навукова-даследчых здольнасцей вучняў і студэнтаў, папулярызацыю творчасці Максіма Багдановіча.
Конкурс праводзіцца з 15 мая па 10 лістапада 2026 г. у два этапы:
- прыём работ – да 18 кастрычніка 2026 г.;
- экспертыза і ацэнка конкурсных работ, вызначэнне лаўрэатаў – з 19 кастрычніка да 8 лістапада 2026 г.
Аб’яўленне лаўрэатаў конкурсу – не пазней за 10 лістапада 2026 г.
Удзельнікамі нонкурсу і аўтарамі навукова-даследчых работ могуць быць вучні Х–ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі; навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі; студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі.
На конкурс прымаюцца работы, падрыхтаваныя ў межах наступных тэматычных кірункаў:
- «Максім Багдановіч: новае прачытанне літаратурнай класікі»;
- «Актуалізацыя творчасці Максіма Багдановіча ў моладзевым асяродку»;
- «Кірункі пошуку новых звестак пра Максіма Багдановіча»;
- «„І прад высокаю красою... “: жаночыя вобразы ў творчасці Максіма Багдановіча»;
- «Максім Багдановіч і вобразы яго твораў у сучаснай беларускай культуры»;
- «Штучны інтэлект як інструмент даследавання і папулярызацыі беларускай літаратуры»;
- «Мой ідэальны літаратурны музей».
Кожны ўдзельнік ці група ўдзельнікаў (не больш за два) можа падаць не больш як адну навукова-даследчую работу.
Конкурс накіраваны на выяўленне і падтрымку таленавітай моладзі, стымуляванне іх даследчай актыўнасці і самарэалізацыі. Акрамя таго, ён выконвае функцыю адбору найбольш здольных удзельнікаў для прадстаўлення сваіх даследаванняў на прэстыжнай міжнароднай пляцоўцы – Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Прастора творчасці», прымеркаванай да 135-годдзя Максіма Багдановіча.
Больш падрабязна пра ўмовы правядзення конкурсу можна прачытаць у Палажэнні аб конкурсе.
Падрыхтавана паводле сайта https://rod-slova.by












