З 18 снежня 2024 года па 25 студзеня 2025 года ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі будзе працаваць XXVIII Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка».
Сёлета на выставу-конкурс прадстаўлена больш за 500 індывідуальных і калектыўных творчых работ з усіх рэгіёнаў краіны. Тэматыка работ размеркавана па розных рубрыках:
- «Зімовыя святы»,
- «Зімовыя забавы»,
- «Зімовыя казкі»,
- «Сувенір-падарунак»,
- «Навагодні касцюм» і інш.
Удзельнікі конкурсу – навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, іншых устаноў адукацыі ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў.
Асноўныя мэты конкурсу – далучэнне вучняў да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны; захаванне і развіццё рэгіянальных народных традыцый; развіццё дзіцячай творчасці ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; выяўленне і падтрымка юных талентаў.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 18 снежня ў 16:00 у выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі па адрасе: г. Мінск, вул. Кірава, 16.
Лепшыя творчыя работы конкурсу «Калядная зорка» будуць уключаны ў экспазіцыю выставы на навагоднім свяце ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», які адбудзецца ў снежні 2024 года ў Палацы Рэспублікі.