МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

Як працаваць па новых вучэбных дапаможніках «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны»

У лістападзе прайшла прэзентацыя вучэбных дапаможнікаў «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для 1–4-х, 5–9-х і 10–11-х класаў. Пра тое, як выкарыстоўваць новыя выданні ў адукацыйным працэсе, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала Вольга Уладзіміраўна Сарычава, начальнік метадычнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі.

– Вучэбныя дапаможнікі «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» неабходна выкарыстоўваць на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі (з 1-га па 11-ы клас) як на ўроках, так і ў пазавучэбнай дзейнасці, – падкрэслівае Вольга Уладзіміраўна. – Класным кіраўнікам, кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні яны дапамогуць пры падрыхтоўцы і правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці: мітынгаў-рэквіемаў, класных і інфармацыйных гадзін, накіраваных на захаванне гістарычнай праўды пра падзеі вайны (у тым ліку і пры рэалізацыі адукацыйнага праекта «ШАГ»), урокаў мужнасці, урокаў памяці, акцый, дыспутаў ваенна-гістарычнай накіраванасці. Класныя кіраўнікі могуць правесці серыю інфармацыйных гадзін, прысвечаных тэме генацыду, з выкарыстаннем новых дапаможнікаў.

У 1–4-х класах матэрыялы дапаможніка аб генацыдзе рэкамендуюцца для выкарыстання на ўроках беларускай літаратуры (літаратурнага чытання), музыкі, «Чалавек і свет. Мая Радзіма – Беларусь».

– Напрыклад, на літаратурным чытанні ў 2-м класе пры вывучэнні тэмы «Пранясі праз пакаленні чалавечнасць і сумленне» пасля работы над вершам Івана Муравейкі «Праўнук Перамогі», галоўная думка якога ў тым, што трэба паважаць ветэранаў і шанаваць памяць пра герояў вайны, вучні могуць разгледзець фатаграфіі экспанатаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, размешчаныя ў дапаможніку, – адзначае В. У. Сарычава. – Тут жа можна абмеркаваць, чаму мы беражліва захоўваем экспанаты гэтага музея, і прыйсці да высновы, што дзейнасць музея накіравана на захаванне памяці аб подзвігу і ахвярах беларускага народа, гэта месца жывой народнай памяці.

Пры вывучэнні тэмы «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны» на ўроках «Чалавек і свет. Мая Радзіма – Беларусь” у 4-м класе дапаможнік аб генацыдзе пашырыць веды дзяцей пра мемарыяльны комплекс «Хатынь», партызанскага камандзіра Міная Шмырова, піянера-героя Марата Казея, мемарыяльны комплекс «Дзецям – ахвярам вайны» ў пасёлку Чырвоны Бераг.

У 4-м класе на ўроках музыкі вывучаецца музычная культура Беларусі. Перад знаёмствам з музычнымі творамі, прысвечанымі падзеям вайны, рэкамендуецца выкарыстоўваць матэрыялы новага дапаможніка. Вучняў варта азнаёміць з паняццем «канцлагер» (лагер смерці), з інфармацыяй аб умовах знаходжання ў ім, што дазволіць лепш зразумець сэнс музычных твораў.

Пры вывучэнні літаратурных твораў пра вайну на ўроках літаратуры (беларускай і рускай) педагогам неабходна фарміраваць у вучняў разуменне таго, што гвалтоўная смерць нават аднаго чалавека з’яўляецца страшнай трагедыяй, а ва ўмовах генацыду, які звязаны з масавым знішчэннем людзей, яна набывае характар агульнанацыянальнага бедства, наступствы якога ў поўнай меры адчуваюцца і сёння. На ўроках рускай літаратуры рэкамендуецца расказаць, напрыклад, аб расстрэле дзяцей Дамачаўскага дзіцячага дома Брэсцкай вобласці, аб зверствах у лагерах смерці Трасцянец, Дразды, Шталаг-352 (Масюкоўшчына), Азарычы, Калдычова, аб гвалтоўным згоне беларусаў на прымусовыя работы і інш.

– У 6-м класе на ўроках рускай літаратуры праходзяць аповесць Уладзіміра Багамолава «Іван» пра маленькага героя-разведчыка, сям’ю якога забілі гітлераўцы, – адзначыла Вольга Уладзіміраўна. – Вучэбнай праграмай прадугледжана не толькі размова аб разбураным вайной дзяцінстве, але і разгляд элементаў дакументалізму ў аповесці. І тут варта звярнуцца да дапаможніка. Хоць у Івана не было рэальнага прататыпа, вобраз беларускага дзіцяці-героя – гэта не мастацкая выдумка, а праўда жыцця. Вучні даведаюцца на ўроках, што герой аповесці, іх равеснік, перажыў шмат гора. У поўнай меры зразумець яго гарачую нянавісць да ворага і жаданне цаной жыцця абараніць родную зямлю можна, калі прачытаць у дапаможніку аб генацыдзе старонкі, прысвечаныя карным аперацыям акупантаў на беларускай зямлі і лагеру смерці Трасцянец, у якім якраз і быў маленькі Іван, герой аповесці.

А на ўроках беларускай літаратуры інфармацыя з новага выдання дазволіць наблізіць вучняў да гістарычных падзей, узмоцніць іх эмацыянальнае ўспрыманне мастацкіх твораў, выкліча эмацыянальны водгук.

– У 6-м класе па тэме «Вайна – боль і памяць народа» вучні праходзяць верш А. Куляшова «Над спаленай вёскай». Дапаможнік тут можа стаць крыніцай, якая ўзнаўляе гістарычны кантэкст, служыць апорай для гісторыка-культурнага каментарыя настаўніка, – гаворыць Вольга Уладзіміраўна. – Рэкамендуецца паказаць вучням інтэрактыўную кадастравую карту Рэспублікі Беларусь «Спаленыя вёскі», узнавіць інфармацыю аб Хатыні, аб карных аперацыях на тэрыторыі Беларусі. Пасля азнаямлення вучняў з раздзелам вучэбнага дапаможніка «Карныя аперацыі» можна спытаць іх: верш Куляшова прысвечаны толькі Хатыні ці і іншым беларускім вёскам?

Творы мастацтва не толькі адлюстроўваюць гістарычную падзею, але і ўзмацняюць яе разуменне. З іншага боку, веданне і разуменне гістарычнага кантэксту дазваляе глыбей зразумець мастацкі твор. Таму дапаможнік аб генацыдзе рэкамендуецца выкарыстоўваць і на ўроках мастацтва.

– У 5-м класе пры вывучэнні тэмы «Чалавек на фоне гісторыі» вучні разважаюць пра адносіны чалавека да гістарычных падзей мінулага, і ў першую чаргу да трагедыі і подзвігу беларускага народа ў вайне. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу ў падручніку па мастацтве прапаноўваецца пастамент «Няскораны чалавек», выкананы скульптарам Сяргеем Селіханавым, – падкрэслівае суразмоўніца. – Адначасовае вывучэнне матэрыялаў дапаможніка аб трагедыі Хатыні, успамінаў Іосіфа Камінскага, які застаўся ў жывых і чый вобраз захаваны ў скульптурным малюнку, інфармацыі аб іншых спаленых вёсках дазволіць вучням лепш зразумець сэнс скульптуры, паспрыяе фарміраванню гістарычнай памяці.

У 9-х і 11-х класах пытанні, звязаныя з палітыкай генацыду беларускага народа ў гады вайны, сістэмна вывучаюцца на ўроках гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі.

Электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для 1–4-х, 5–9-х і 10–11-х класаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: https://аdu.by/ Галоўная / Інфармацыя для педагогаў / Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.

На партале таксама ёсць інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Аб вывучэнні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі матэрыялаў аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе вучэбных дапаможнікаў «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». НІА плануе размяшчаць на партале лепшы вопыт выкарыстання названых выданняў у адукацыйным працэсе. Можна дасылаць у інстытут сцэнарыі ўрокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў.

 

Надзея Церахава;
фота аўтара;
крыніца: сайт РВУ «Выдавецкі дом „Педагагічная прэса“»

QR-код национального образовательного портала

ПОЛЕЗНЫЕ ССЫЛКИ

КОНТАКТЫ

 ул. Короля, 16, 220004, г. Минск

         Контакты

         Магазин учебной книги «Адукацыя»

         e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.