У лістападзе 2023 года ў г. Ляньюньган (Кітай) прайшла Другая Міжнародная канферэнцыя па супрацоўніцтве маладзёжных арганізацый у межах праекта «Адзін пояс, адзін шлях». У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Турцыі, Манголіі, ААЭ, В'етнама, Казахстана, Паўднёвай Карэі, Кыргызстана, Узбекістана і іншых краін. Абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, турызму і прадпрымальніцтва. Арганізатарамі выступілі Усекітайская федэрацыя моладзі і правінцыя Цзянсу. Знакавай падзеяй мерапрыемства стала адкрыццё Ляньюнганскага філіяла маладзёжнай платформы краін ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва) і міжнароднай базы маладзёжных практык у г. Ляньюньган.
Дзякуючы стратэгіі супрацоўніцтва ў беларуска-кітайскім напрамку, на працягу некалькіх гадоў паспяхова рэалізуюцца шматлікія сумесныя праекты, адкрываюцца новыя прафесійныя гарызонты, вядзецца актыўная падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў міжнароднага ўзроўню, пашыраецца міжкультурны дыялог і назапашваецца важкі патэнцыял для развіцця Беларусі і Кітая ў розных галінах.
Гарады Шанхай і Ляньюньган – гэта важныя эканамічныя, палітычныя, адукацыйныя і турыстычныя цэнтры КНР. Яны ідуць у нагу з часам, паказваючы рэаліі будучыні, а таксама імкнуцца паэтапна ўзаемадзейнічаць з усім светам. У гэтым змаглі пераканацца ўдзельнікі канферэнцыі падчас наведвання шостай Кітайскай міжнароднай выставы імпарту China International Import Expo 2023, якая праходзіла з 5 па 10 лістапада ў Шанхаі. Удзел у ёй прынялі больш за 150 краін.
Ляньюньган размешчаны ў асаблівым геаграфічным раёне Кітая. Ён злучае поўнач, поўдзень, захад і ўсход і з'яўляецца першым вузлавым прыбярэжным адкрытым горадам эканамічнага калідора трансеўразійскага кантынентальнага моста. Горад-сад – нацыянальны ўзорны горад азелянення і аховы здароўя, а таксама інавацыйна-эксперыментальная пляцоўка. Тут знаходзіцца міжнародны лагістычны парк ШАС, які прадастаўляе транспартныя паслугі па новым Шаўковым шляху. Таму невыпадкова менавіта ў Ляньюньгане праходзяць штогод канферэнцыі міжнароднага маштабу.
Цырымонія адкрыцця святочнага мерапрыемства пачалася з культурнай праграмы і працягнулася выступленнямі гасцей. Асаблівую цікавасць выклікалі план развіцця ўзаемадзеяння маладзёжных ініцыятыў «Ажыццяўленне мары на Шаўковым шляху» і дыялогавыя пляцоўкі маладзёжных арганізацый. Таксама былі арганізаваны экскурсіі па маляўнічых раёнах Ляньюньганя і прамысловых прадпрыемствах горада. Кульмінацыяй стала абмеркаванне далейшых перспектыў супрацоўніцтва з удзельнікамі канферэнцыі.
Наталля Пратасевіч,
кіраўнік адукацыйных праграм
па вывучэнні кітайскай мовы,
ДУА «Гімназія г. Мсціслава»