МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

Кнігавыдавецкі праект «Сучасная беларуская літаратура»

24 кастрычніка 2023 года ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася прэзентацыя зборніка аповесцей сучасных беларускіх пісьменнікаў «Дараванне».

«Дараванне» – першы зборнік кнігавыдавецкага праекта Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва «Аверсэв» пад агульнай назвай «Сучасная беларуская літаратура». У серыі запланавана дванаццаць кніг, пяць з якіх ужо пабачылі свет.

Складальнік першага зборніка «Дараванне» – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. Кніга прысвечана сучаснай аповесці. У выданне ўвайшлі творы Алены Брава, Алега Ждана, Анатоля Бензерука, Алеся Бадака, Андрэя Федарэнкі. Аповесці розныя, але аднолькава прыцягальныя.

Наступная кніга серыі «Душа твая светлая» прысвечана апавяданню. Прадстаўленыя творы належаць пісьменнікам розных пакаленняў, кожны з якіх па-свойму імкнецца разгледзець час, а разам з тым – паказаць уласнае мастацкае майстэрства. У апавяданнях адзінаццаці аўтараў галоўныя героі нібы жывуць зусім побач: блукаюць па дварах Мінска, па аранжарэі Батанічнага саду, ездзяць на тралейбусах і трамваях па знаёмых вуліцах. Адны персанажы ўлюбляюць у сябе і прымушаюць суперажываць, іншыя злуюць, але ніхто не пакідае абыякавым чытача.

Трэцяя кніга «Чароўная скарбніца» ўключае творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Генадзя Аўласенкі і Людмілы Рублеўскай. Пісьменнікі добра ведаюць дзіцячую псіхалогію, умеюць размаўляць з чытачом на мове дзяцінства і робяць гэта без лішняй дыдактыкі і гучных павучанняў.

Зборнік «Размова з люстэркам» прысвечаны жаночай прозе. Пісьменніцы ў сваіх творах надаюць увагу паўсядзённаму, усім нам зразумеламу жыццю. Падрабязна апісваючы рэчаіснасць, аўтары прымушаюць чытача шмат пра што задумацца.

Пятая кніга – «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын» – зборнік сучаснага мужчынскага апавядання. Правакацыйную назву выданню даў невялікі аповед-інтэрв'ю з інтрыгуючым пачаткам і нечаканым фіналам. У кнізе ёсць творы, якія з першай старонкі захапляюць дынамічным і непрадказальным сюжэтам. А ёсць апавяданні-прытчы, апавяданні-споведзі, у цэнтры  – спляценне эмоцый. Разблытваючы іх, чытач спрабуе зразумець: гэта аўтарскае ці ўжо маё?

Зараз рыхтуецца да выхаду шостая кніга серыі – «Цені Дзікага палявання». У яе ўвойдуць творы, натхнёныя беларускімі легендамі і міфамі.

У будучыні чытача чакаюць сустрэчы з выданнямі, якія складуцца з аповесцей для падлеткаў і беларускіх дэтэктываў. У серыі таксама выйдуць аўтарскія кнігі: проза пісьменніка старэйшага пакалення Алеся Жука, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Мажылоўскага, Алеся Бадака. У кнігу «Казкі» ўвойдуць творы двух папулярных дзіцячых аўтараў Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і Генадзя Аўласенкі. Рыхтуецца да выдання і асобны зборнік твораў сучасных пісьменнікаў-фантастаў. Завяршальнай кнігай серыі стане зборнік нарысаў «Адрасы памяці», у якім беларускія пісьменнікі раскажуць аб сваёй малой радзіме і фарміраванні іх як творцаў.

НІА
па матэрыялах сайта выдавецтва «Аверсэв»

QR-код национального образовательного портала

ПОЛЕЗНЫЕ ССЫЛКИ

КОНТАКТЫ

 ул. Короля, 16, 220004, г. Минск

         Контакты

         Магазин учебной книги «Адукацыя»

         e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.