Леанід Марцінавіч Дайнека (1940–2019) – беларускі пісьменнік, літаратар, вядомы як майстар гістарычнай прозы. Сёлета, 28 студзеня, адзначаецца 85-годдзе з дня нараджэння таленавітага творцы.
Леанід Дайнека нарадзіўся ў вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы будучы пісьменнік працаваў на будоўлях Калінінграда і Свярдлоўскай вобласці. У Ніжнім Тагіле скончыў тэхнічную навучальню, а потым служыў у Савецкай Арміі (1960–1963).
Пазней, у 1967 г., скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, на Беларускім тэлебачанні. У 1972–1989 гг. з’яўляўся адказным сакратаром часопіса «Маладосць», з 1989 г. – загадчыкам рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Першы верш Леанід Дайнека апублікаваў у 1961 г. (газета Уральскай ваеннай акругі «Красный боец»). Пасля гэтага актыўна выдаваліся яго зборнікі вершаў: «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), «Сняжынкі над агнём» вершы і паэмы (1989). Таксама Л. Дайнека вядомы як і майстар празаічных твораў. Так, з-пад пяра аўтара выйшлі зборнікі апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), раманы«Людзі і маланкі» (1978), «Запомнім сябе маладымі» (1981), «Футбол на замініраваным полі» (1983), «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (часопіс «Маладосць», 1990).
Найбольшую вядомасць аўтару прынеслі яго гістарычныя раманы. Дзякуючы плённай працы і таленту Леанід Дайнека стаў Лаўрэатам Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1988) за раман «Меч князя Вячкі», Дзяржаўнай прэміі БССР (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей – гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» і «След ваўкалака».
Раман Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі» вывучаецца ў межах вучэбнай праграмы па беларускай літаратуры для 7-га класа. Раман «След ваўкалака» ўключаны ў спіс для дадатковага чытання для Х класа (павышаны ўзровень).
Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц;
фота для прэўю: сайт НББ