МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

Да 230-годдзя з дня нараджэння Яна Чачота

У гісторыі беларускай літаратуры XIX стагоддзя імя Яна Чачота стаіць побач з найвялікшымі творцамі, якія ўзнімалі народную культуру на небывалую вышыню.

Ян-Антоній Чачот нарадзіўся 7 ліпеня ў 1796 годзе ў фальварку Малюшыцы Навагрудскага павета (цяпер вёска Малюшычы Карэліцкага раёна) і з самага дзяцінства быў цесна звязаны з беларускай зямлёй. Яго бацькі паходзілі з незаможнай шляхты, таму сям’я часта мяняла месца жыхарства. Дзіцячыя гады будучага паэта прайшлі ў маёнтку Новая Мыш, дзе сфарміраваўся яго свет, напоўнены любоўю да роднай прыроды і народнага слова.

Адукацыю Ян Чачот атрымаў у Навагрудскай павятовай дамініканскай школе, дзе адбылася яго лёсавызначальная сустрэча з Адамам Міцкевічам. Гэтая дружба, заснаваная на агульных ідэалах і рамантычным светаўспрыманні, працягвалася ў Віленскім універсітэце, куды Чачот паступіў у 1816 годзе на факультэт маральных і палітычных навук. Фінансавыя цяжкасці прымусілі яго пакінуць вучобу і пачаць працаваць у Радзівілаўскай пракураторыі, але ён працягваў наведваць лекцыі ў якасці вольнага слухача, імкнучыся да ведаў, якія сталі асновай яго будучых даследаванняў.

У 1818 годзе Ян Чачот быў прыняты ў таемнае студэнцкае таварыства філаматаў, дзе стаў адным з найбольш актыўных удзельнікаў. Ён арганізоўваў паседжанні і пісаў вершы і песні, якія гучалі на кожнай сустрэчы. У 1820 годзе ён узначаліў літаратурны аддзел таварыства філарэтаў, дзе рэдагаваў першы паэтычны зборнік А. Міцкевіча і сам актыўна пісаў на беларускай і польскай мовах.

Галоўнай справай жыцця Яна Чачота сталі яго знакамітыя зборнікі «Сялянскія песенькі». За сваё жыццё ён сабраў і выдаў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень. Першыя зборнікі, такія як «Сялянскія песенькі з-над Нёмана» (1837) і «Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны» (1839), друкаваліся ў яго перакладзе на польскую мову. Аднак у 1844 і 1846 гадах ён зрабіў рэвалюцыйны крок, апублікаваўшы песні ў беларускім арыгінале. У прадмове да апошняга зборніка ён падрыхтаваў нарыс граматычных асаблівасцей беларускай мовы, упершыню паставіўшы пытанне пра прынцыпы «крывіцкага» правапісу і ўвёўшы ў яго літару «ў». Гэтыя зборнікі сталі сапраўднай энцыклапедыяй народнай творчасці, дзе знайшлі адлюстраванне паданні, казкі, звычаі і вераванні беларусаў.

Акрамя фальклорнай дзейнасці, Ян Чачот з’яўляецца аўтарам балад, вершаў і лібрэта аперэты «Малгажата з Зембаціна». Яго ўласная лірыка, цесна звязаная з народнай паэзіяй, закранала сацыяльныя тэмы, заклікала да працы і адукацыі. Кампазітар Станіслаў Манюшка паклаў на музыку дваццаць дзве песні Яна Чачота, што сведчыць пра высокую папулярнасцю і меладычнасць яго вершаў.

Апошнія гады жыцця паэта былі поўныя цяжкасцей. Пасля працы бібліятэкарам у маёнтку Шчорсы, ён вымушаны быў жыць у сяброў з-за адсутнасці пастаяннага заробку, меў праблемы са здароўем. 

Пазней цяжкая хвароба прывяла яго вясной 1847 года на лячэнне ў Друскенікі, «на воды», але хвароба аказалася моцнай. 23 жніўня 1847 года ён памёр на руках сястры Тэклі. Пахавалі паэта на могілках у вёсцы Ротніцы (цяпер частка Друскенікаў, Літва), дзе клопатам сваякоў быў пастаўлены помнік з эпітафіяй.

Сёння творчая спадчына Яна Чачота набывае новае гучанне. Ён па праву лічыцца адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, пісьменнікам, які стаяў ля вытокаў нацыянальнага адраджэння. У год 230-гадовага юбілею ўвага да яго асобы і творчасці толькі ўзрасла. Паэзія Яна Чачота, прасякнутая любоўю да беларускай зямлі і яе народа, працягвае хваляваць сэрцы і натхняць новыя пакаленні на захаванне і развіццё роднай культуры.

Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц

QR-код национального образовательного портала

ПОЛЕЗНЫЕ ССЫЛКИ

КОНТАКТЫ

Контакты

Магазин учебной книги «Адукацыя»

e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.