21 сакавіка 2025 года адзначаецца 185-годдзе з дня нараджэння Францішка Багушэвіча – паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка, аднаго са стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы.
Ён нарадзіўся ў фальварку Свіраны каля Вільні. Сям’я будучага паэта паходзіла са старадаўняй збяднелай шляхты. Сам Багушэвіч ужо з маленства быў блізкі да народнай культуры і мовы.
Пачатковую адукацыю Ф. Багушэвіч атрымаў дома, а працягнуў вучобу ў Віленскай гімназіі, пасля заканчэння якой яго прозвішча згадвалася ў ліку лепшых выпускнікоў. Паэт паступіў на фізікаматэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак вучыцца там яму не давялося. У лістападзе Францішак Багушэвіч прасіў рэктара аб звальненні «з прычыны цяжкай хваробы».
Таленавіты юнак вярнуўся на Радзіму, дзе вучыў беларускіх дзетак у прыватнай школе на Лідчыне. У 1865 годзе ён паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, навучанне ў якім завяршыў толькі ў 1868 годзе. Атрымаўшы атэстат, працаваў судовым следчым.
Толькі ў 1884 годзе Францішак Багушэвіч прыехаў у Вільню, прывёз небагаты набытак, а таксама жонку Габрыэлю, якая нарадзіла яму дачку Канстанцыю і сына Тамаша. На Радзіме Багушэвіч зарабляў на жыццё адвакацкай дзейнасцю, пры гэтым набыў рэпутацыю абаронцы мужыкоў – простага люду. З бедных людзей Багушэвіч грошы не браў, чым ускладняў і без таго няпростае матэрыяльнае становішча ўласнай сям’і.
Першыя вядомыя паэтычныя спробы Францішка Багушэвіча датуюцца 1880 годам. Увосень 1891 года пад псеўданімам Мацей Бурачок ў Кракаве выходзіць першы зборнік паэта «Дудка беларуская». Выданне складалася з 16 вершаў і паэмы «Кепска будзе!». Самыя вядомыя публіцыстычныя вершы гэтай кнігі: «Мая дудка», «Бог не роўна дзеле», «Праўда».
Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваны зборнік «Смык беларускі» і апавяданне «Тралялёначка».
Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўздзеянне Францішка Багушэвіча на паслядоўнікаў. Яго спадчыну наследавалі ў сваёй творчай дзейнасці Адам Гурыновіч, Цётка, Янка Купала, Якуб Колас, Язэп Ціхінскі і іншыя.
Памёр Францішак Багушэвіч 15 красавіка 1900 года ў Кушлянах. На пахаванне сабралася шмат людзей: сяляне з навакольных вёсак, сябры паэта – усе тыя, для каго Багушэвіч так многа зрабіў пры жыцці, аддаючы ўсяго сябе шчыраму служэнню народу, абароне яго правоў на чалавечае жыццё, развіццю яго культуры. Пахаваны у Жупранах.
Легендарныя словы Францішка Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» сталі адным з найважнейшых заветаў для кожнага беларуса. Багушэвіч бачыў у мове аснову нацыянальнай ідэнтычнасці, той моцны ключ, які можа адкрыць дзверы да захавання і развіцця беларускай культуры.
Імя Францішка Багушэвіча з гонарам носіць Ашмянскі краязнаўчы музей, акрамя таго, у Кушлянах створаны Літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба Ф. Багушэвіча.
Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц