30 лістапада 2024 года споўніцца 125 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова.
Жыццёвы шлях беларускага творцы быў няпросты, цярністы ды апалены ліхалеццямі вайны. Пасля сканчэння Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі Міхась Ціханавіч настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім раёнах. У 1919 г. быў прызваны ў армію, удзельнічаў у савецка-польскай вайне. Пасля дэмабілізацыі ў 1922 г. зноў настаўнічаў на Гомельшчыне.
З 1928 г. – адказны рэдактар бабруйскай газеты «Камуніст». У 1930 г. працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі», старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Лынькоў стварыў Бабруйскі філіял літаратурнай арганізацыі «Маладняк». Як бачым, пісьменнік увесь час нястомна працаваў і займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю.
У гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь». На жаль, падчас вайны сына і жонку М. Лынькова расстралялі немцы. У 1946 г. Янка Маўр напісаў апавяданне «За што? », у аснову якога лёг гэты трагічны факт.
Першы твор Міхась Лынькоў надрукаваў у 1919 г. у смаленскай газеце «Борьба». Аўтар зборнікаў прозы «Апавяданні», «Гой», «Андрэй Лятун», «Саўка-агіцірнік», «На вялікай хвалі», «Баян», «Сустрэчы», «Астап», «За акіянам»; аповесцей «Апошні зверыядавец», «Міколка-паравоз»; раманаў «На чырвоных ладах»; шматлікіх твораў для дзяцей, літаратуразнаўчых і публіцыстычных прац, перакладаў. Пасля вайны Лынькоў напісаў свой самы маштабны твор – раман «Векапомныя дні» ў чатырох кнігах. Па творах Лынькова пастаўлены фільмы «Дзед Яўсей і Палашка» і «Міколка-паравоз».
Памёр народны пісьменнік Беларусі ў 1975 годзе. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Па завяшчанні Лынькова, значная частка яго зберажэнняў дасталася дзіцячаму дому.
Цікава, што ў гэтым годзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі 29 лістапада выпускае ў абарачэнне паштовую марку «125 гадоў з дня нараджэння Міхася Лынькова».
Падрыхтавана па матэрыялах інтэрнэт-крыніц