МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

Да 125-годдзя з дня нараджэння Кузьмы Чорнага

24 чэрвеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага, класіка беларускай літаратуры, празаіка, публіцыста, драматурга, аўтара твораў «Пошукі будучыні», «Млечны шлях», «Трэцяе пакаленне» і інш.

Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) – адзін з самых яркіх і таленавітых мастакоў слова, адметны апавядальнік, раманіст, тонкі псіхолаг. З яго імем звязаны фундаментальныя напрацоўкі беларускай прозы 1920–1930-х гадоў і перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

К. Чорны атрымліваў адукацыю ў Цімкавіцкім народным вучылішчы, Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Два гады вучыўся на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску, але не скончыў яго. Маладому чалавеку даводзілася сумяшчаць вучобу з працай.

Пісьменнік-пачатковец Кузьма Чорны ўваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», а калі яно перастала адпавядаць эстэтычным патрэбам творцы, стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў згуртавання «Узвышша», што сведчыць пра яго творчыя пошукі. У 1920-я гады выйшлі зборнікі К. Чорнага: «Апaвядaннi», «Сpэбpa жыцця» (1925), «Пa дapoзe», «Пaчyццi», «Хвoi гaвopaць (1926). У саміх назвах выяўлена пэўная лірычнасць.

Празаік яшчэ да 1930 года марыў стварыць цыкл раманаў, у якім будзе маштабна адлюстравана ўся беларуская гісторыя на розных яе этапах. Але пад уплывам часу атрымалася так, што творы 1930-х гадоў (напрыклад, раманы «Бацькаўшчына», «Трэцяе пакаленне», аповесць «Люба Лук’янская») вызначаюцца знарочыстай займальнасцю ў паказе супярэчлівых момантаў гісторыі, спрашчэннем сюжэтных момантаў на карысць ідэйных установак. Разам з тым і ў гэтых творах выяўляецца традыцыйны для Кузьмы Чорнага псіхалагізм. Пісьменнік такім чынам распрацоўваў буйны жанр, які толькі пачынаў сталець і замацоўвацца ў нашай літаратуры, – псіхалагічна-філасофскі раман.

Кузьма Чорны перажыў Першую сусветную вайну, Лютаўскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі, гады рэпрэсій. У 1932–1937 гадах ён быў галоўным літкансультантам кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР і дапамог стаць пісьменнікамі многім класікам (напрыклад, Івану Мележу).

Да канца сваіх дзён хворы Кузьма Чорны пісаў творы. Апошні запіс у яго «Дзённіку»: «Божа, напішы за мяне мае раманы, хiба так малiцца, цi што?..».

Кузьма Чорны – пісьменнік філасофска-эстэтычнай культуры, шматгранна адлюстраваў важныя, паваротныя моманты жыцця беларускага народа, стварыў яркія, запамінальныя ў сваёй адметнасці індывідуалізацыі і тыпізацыі характары.

Падрыхтавана паводле адкрытых інтэрнэт-крыніц

QR-код национального образовательного портала

ПОЛЕЗНЫЕ ССЫЛКИ

КОНТАКТЫ

 ул. Короля, 16, 220004, г. Минск

         Контакты

         Магазин учебной книги «Адукацыя»

         e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.