МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

Да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Навуменкі

16 лютага 2025 года народнаму пісьменніку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, прэміі імя Ленінскага камсамола Беларусі, Заслужанаму дзеячу навукі Беларусі, акадэміку Івану Якаўлевічу Навуменку споўнілася б 100 гадоў.

Іван Якаўлевіч Навуменка – прызнаны майстар лірычнай прозы, мастак-рамантык, захоплены прыгажосцю навакольнага свету, а яго творчасць грунтуецца на ўласна перажытым, аўтабіяграфічным.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 16 лютага 1925 года ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна, што на Гомельшчыне, у сям’і чыгуначніка. У школе будучаму пісьменніку лёгка даваліся ўсе прадметы (восьмы і дзявяты класы ён скончыў за адзін год), але найбольш любіў літаратуру. Цягу да выключнага, незвычайнага падтрымлівалі творы І. Тургенева, Л. Талстога, Ж. Верна, М. Рыда, А. Дзюма. На вучобу глядзеў як на вялікую, адказную справу.

Калі пачалася вайна, юнаку ішоў сямнаццаты год. Івану, як і яго равеснікам, не давялося здаваць школьныя экзамены. Лёс падрыхтаваў для юнакоў драматычныя іспыты ваенным ліхалеццем. Будучы пісьменнік прымаў актыўны ўдзел у падпольнай барацьбе супраць акупантаў, потым стаў партызанам, змагаўся ў разведвальна-дыверсійнай групе. Ён удзельнічаў у вызваленні роднага мястэчка, а ў 1943 годзе быў прызваны ў армію. Ваяваў на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, у Карэліі, ва Усходняй Прусіі і Сілезіі. На фронце быў старшыной роты разведкі.

Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе І. Навуменка працаваў у васілевіцкай раённай газеце «Сацыялістычная праца», потым – карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся» (1946—1951), а затым, пераехаўшы ў Мінск у пачатку 1950-х гадоў, – у вядомай рэспубліканскай газеце «Звязда». З 1953 года загадваў аддзелам прозы часопіса «Маладосць» і адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце БДУ, затым – у аспірантуры. З 1958 года працаваў выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам і загадчыкам кафедры беларускай літаратуры таго ж універсітэта. У 1973 годзе стаў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, з 1982-га – яе віцэ-прэзідэнтам, з 1992-га – саветнікам прэзідыума НАН Беларусі. З 1985 па 1990 год І. Навуменка быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання.

У друку творы І. Навуменкі з’явіліся яшчэ да вайны. У 1946 годзе абласныя і рэспубліканскія выданні ахвотна змяшчалі нарысы, фельетоны, вершы маладога аўтара. Першыя апавяданні з’явіліся ў 1955 годзе ў часопісе «Маладосць». У 1957 годзе ўбачыла свет першая кніга І. Навуменкі – «Сямнаццатай вясной». У ранняй творчасці І. Навуменкі адлюстраваны лёс юнакоў у перадваенны і ваенны час. Творы пісьменніка вылучаюцца мяккім лірызмам, майстэрствам выкарыстання мастацкай дэталі, лёгкім гумарам, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет герояў.

Паступова аўтар пераходзіў да напісання твораў буйнейшых жанраў: у 1959 годзе выйшла аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі», у 1960-м — аповесць «Бульба». Неўзабаве чытачы атрымалі раманы І. Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967) і «Сорак трэці» (1974), якія склалі трылогію пра змаганне маладых беларускіх патрыётаў супраць фашысцкіх акупантаў і прынеслі празаіку шырокую вядомасць.

Іван Навуменка з’яўляецца не толькі прызнаным пісьменнікам, але і аўтарытэтным вучоным у галіне літаратуразнаўства. Ён аўтар даследаванняў «Якуб Колас: нарыс жыцця і творчасці», «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч», «Змітрок Бядуля», «Максім Багдановіч» і інш. За кнігі «Янка Купала: духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: духоўны воблік героя» ў 1972 годзе даследчыку літаратуры прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа. У 1995 годзе І. Навуменку прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.

Памёр пісьменнік 17 снежня 2006 года, пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Імя І. Навуменкі прысвоена адной са сталічных вуліц, у 2011 годзе ў памяць пра народнага пісьменніка адкрыта мемарыяльная дошка на доме № 36 па вуліцы К. Маркса.

Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц

QR-код национального образовательного портала

ПОЛЕЗНЫЕ ССЫЛКИ

КОНТАКТЫ

 ул. Короля, 16, 220004, г. Минск

         Контакты

         Магазин учебной книги «Адукацыя»

         e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.