Сёлета споўнілася 35 гадоў з выхаду першага нумара часопіса «Роднае слова». Ён быў створаны ў 1987 г. як штомесячнае навуковае і метадычнае выданне для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Пачаў выходзіць у студзені 1988 г. пад назвай «Беларуская мова і літаратура ў школе», у 1992 г. перарэгістраваны як «Роднае слова». У жніўні 2019 г. часопіс «Роднае слова» ўвайшоў у склад РУП «Выдавецтва „Адукацыя і выхаванне“».
«Роднае слова» – сацыяльна значнае выданне Рэспублікі Беларусь. На яго старонках друкуюцца літаратурна-крытычныя матэрыялы пра творчасць знакамітых айчынных і замежных пісьменнікаў; мовазнаўчыя даследаванні па гісторыі беларускай мовы, функцыянаванні яе ў сучасным грамадстве; адлюстроўваюцца вопыт і дасягненні педагогаў краіны; друкуюцца матэрыялы для падрыхтоўкі да алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, цэнтралізаванага тэсціравання.
Часопіс уключае наступныя асноўныя раздзелы: «І мудрасці, і ведаў храм», «Літаратура і час», «Мовы рысы непаўторныя», «Методыка і вопыт», «Нацыянальная і сусветная культура».
За гады плённай працы выданне стала неад’емнай часткай адукацыйнага асяроддзя і культурнай прасторы нашай краіны.
З 1987 года выйшла 420 нумароў агульным накладам 2 630 000 асобнікаў. Апублікавана каля 2 000 матэрыялаў. Праведзена 8 рэспубліканскіх конкурсаў навукова-даследчых і творчых прац. Падрыхтавана 11 тэматычных выпускаў.
«Роднае слова» належыць да тых перыядычных беларускамоўных выданняў гуманітарна-асветніцкага кірунку, якія істотна дапамагаюць у станаўленні нацыянальнай самасвядомасці, далучэнні маладога пакалення да беларускай і сусветнай духоўна-культурнай спадчыны.
Часопіс уключаны ў Пералік навуковых выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь для друкавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па філалагічных навуках, мастацтвазнаўстве, культуралогіі, педагогіцы (тэорыя і методыка навучання беларускай мове і літаратуры). Неабходна адзначыць дзейнасць часопіса «Роднае слова», скіраваную на развіццё творчых здольнасцей і інтэлектуальнага патэнцыялу адораных навучэнцаў, патрыятычнае выхаванне вучнёўскай моладзі.
35 гадоў «Роднае слова» імкнецца быць для сваіх чытачоў і аўтараў асяродкам паплечніцтва – прафесійнага і творчага. Святочны нумар, першы ў 2023 г., ужо даступны падпісчыкам. На яго вокладцы размешчаны сёлетні слоган рэдакцыі – «35 гадоў разам», а пад вокладкай чытачы знойдуць прэм’ерныя рубрыкі: «Род блізкі і далёкі», «Беларусь – Кітай: літаратурныя перазовы», «У анталогію беларускага шаржу» і эксклюзіўныя матэрыялы.
НІА
па матэрыялах сайта https://rod-slova.by