Студзеньскі нумар «Роднага слова» прымеркаваны да 35-годдзя з дня выхаду навуковага і метадычнага часопіса ў свет.
Шмат гадоў «Роднае слова» імкнецца быць для сваіх чытачоў і аўтараў асяродкам паплечніцтва – прафесійнага і творчага. Невыпадкова ў віншавальных допісах ад дзеячаў беларускай навукі і культуры, змешчаных на старонак святочнага нумара, не толькі гучаць цёплыя словы, а яшчэ і вымалёўваецца пэўны «партрэт» выдання ў прасторы і часе.
Як напамін пра гісторыю часопіса, багатую на славутыя імёны суайчынніка, – вітальныя аўтографы з архіва «Роднага слова» ад беларускіх пісьменнікаў (М. Танк, П. Панчанка, Н. Гілевіч, І. Шамякін, А. Васілевіч, Р. Барадулін), змешчаныя на вокладках. Эстафету ад класікаў падхапіў паэт-сучаснік Віктар Шніп, які прысвяціў часопісу аднайменны верш.
Як заўсёды на пачатку года, рэдакцыя анансуе прэм’ерныя рубрыкі, звяртае чытацкую ўвагу на часопісны эксклюзіў:
- «Род блізкі і далёкі». Аўтарскі цыкл публікацый Вадзіма Урублеўскага дапаможа чытачам паглыбіцца ў культурна-гістарычны кантэкст, асэнсаваць і нават скласці ўласны радавод.
- «Беларусь – Кітай: літаратурныя перазовы». Пра гісторыю перастварэння беларускай літаратуры на кітайскую мову раскажа Вераніка Карлюкевіч.
- «У анталогію беларускага шаржу». Новае даследаванне Сяргея Шапрана з нечаканым поглядам на беларускіх літаратараў і багатым ілюстрацыйным матэрыялам.
Больш падрабязна са зместам студзеньскага нумара можна азнаёміцца тут.