14-15 чэрвеня праходзіў нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2024». Штодня ў горадзе адбываліся канцэртныя праграмы творчых калектываў Мінскай вобласці, спектаклі, прэзентацыі кніг, пленэры і майстар-класы.
У канцэрце «Табе, Беларусь, прысвячаю» на цэнтральнай плошчы акрамя беларускіх артыстаў і ансамбляў выступалі госці з Санкт-Пецярбурга і з Омскай, Ніжагародскай, Бранскай, Смаленскай абласцей.
У Палацы культуры прайшла прэзентацыя Рэспубліканскага літаратурна-патрыятычнага праекта «Бачу Беларусь такой» з удзелам народнага артыста Беларусі, вядомага кампазітара Эдуарда Ханка, пісьменніцы А. Стэльмах і фотамастака Ул. Цыдзіка. Папулярныя аўтары – К. Хадасевіч-Лісавая, А. Стэльмах, В. Паліканіна, І. Фралова – сустрэліся з юнымі чытачамі Маладзечна. Таксама адбылася прэзентацыя кнігі «Когда трещит лед» маладой пісьменніцы А. Кузняцовай, быў паказаны гістарычны спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра «Башни Молодечненского замка» ў пастаноўцы рэжысёра В. Анісенкі.
Паэты наведалі Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», дзе адбыліся паэтычныя чытанні «Вязынка вітае сяброў». У Палацы культуры прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя з удзелам маладых паэтаў «Пад сцягам Перамогі» і ўрачыстае падвядзенне вынікаў рэспубліканскага паэтычнага конкурсу «Радком вярнуся па вясне» імя лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Мікалая Мятліцкага.
14 і 15 чэрвеня адбыліся галоўныя мерапрыемствы: гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю на сцэне Летняга амфітэатра і Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Палацы культуры. У цэлым падчас фестывалю прайшло больш за 60 мерапрыемстваў, якія ў поўнай меры прадэманстравалі нацыянальную музычную і літаратурную спадчыну, дасягненні дзеячаў беларускай культуры ў прафесійным мастацтве і аматарскай творчасці.
Падрыхтавана паводле сайта festyval.by