Сёлета беларускаму кінематографу спаўняецца 100 гадоў. Гэта значная дата не толькі для работнікаў сферы кіно, але і для кожнага жыхара нашай краіны.
За сваю доўгую гісторыю Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» выпусціла больш за пяцьсот мастацкіх фільмаў, больш за тысячу дакументальных і навукова-папулярных, больш за сто сорак мультыплікацыйных фільмаў.
У межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя беларускага кіно, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» прынята рашэнне аб правядзенні з 28 лютага па 11 снежня ў кінатэатрах Мінска, абласных і раённых цэнтраў Беларусі рэспубліканскага кінафестывалю «Кінастагоддзе», дзе кожную сераду будуць паказваць па адным з 33-х лепшых фільмаў вытворчасці Белдзяржкіно, студыі «Савецкая Беларусь» і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», якія адлюстроўваюць розныя этапы гісторыі развіцця кінематографа.
Гэта стужкі ваеннай тэматыкі, ваенныя і прыгодніцкія фільмы, гістарычнае і вострасацыяльнае кіно, дзіцячае кіно з глыбокім сэнсам і выхаваўчым пасылам – фільмы «Прыгоды Бураціна», «Мяне завуць Арлекіна», «Вайна пад стрэхамі», «Несцерка». Гэта таксама дакументальнае і анімацыйнае кіно, якое захавала лепшыя традыцыі мінулага і па-ранейшаму заваёўвае самыя прэстыжныя ўзнагароды на розных міжнародных фестывалях і конкурсах. Адкрыў жа святочны марафон паказ адрэстаўраванага нямога фільма «Лясная быль» (1926) рэжысёра Юрыя Тарыча паводле аповесці Міхася Чарота «Свінапас». Гэта нямы фільм, таму ў Мінску паказ прайшоў у суправаджэнні тапёра, а ў рэгіёнах – з накладзенай музыкай. Работа па рэстаўрацыі і аблічбоўцы старых карцін вядзецца на кінастудыі ўжо шмат гадоў. І сёння гледачы могуць паглядзець у лічбавым варыянце кіно 1930-х, 1940-х гадоў.
Другім фільмам на «Кінастагоддзі» 6 сакавіка прадэманстравалі музычную камедыю «Маё каханне» аднаго з заснавальнікаў беларускага кіно – народнага артыста СССР Уладзіміра Корш-Сабліна.