«Былі пошукі свайго шляху, быў намер выказаць свае думкі і пачуцці, свае адносіны да рэчаіснасці. Мною валодала жаданне актыўна ўмяшацца ў жыццё і паправіць у ім тое, што не адпавядала маім паняццям дабра і зла». Кандрат Крапiва
5 сакавіка 2026 года спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага драматурга, празаіка, сатырыка, паэта, перакладчыка, акадэміка АН БССР, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы (1896–1991).
Кандрат Крапіва (сапраўднае імя – Кандрат Кандратавіч Атраховіч) – першы народны пісьменнік Беларусі, якога называюць беларускім Эзопам ці Крыловым. Гэта выдатны творца сатыры, які напісаў вялікую колькасць баек, фельетонаў, вершаў і п’ес. Творы Крапівы вызначаюцца яркімі вострымі канфліктамі і маляўнічымі характарамі герояў.
Таксама Кандрат Крапіва – адзін з найвыдатнейшых беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя, які значна ўзбагаціў нацыянальную літаратуру разнастайнымі па жанры і тэматыцы творамі.
Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Нізок ва Уздзенскім раёне Мінскай вобласці. Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўна-прыходскай школе, затым вучыўся ва Уздзенскім народным вучылішчы і працягнуў навучанне ў Койданаве. У 1913 годзе атрымаў званне народнага настаўніка. Педагагічная дзейнасць і жыццёвы вопыт значна паўплывалі на яго далейшую творчасць.
У 1920-я гады Кандрат Крапіва быў актыўным удзельнікам літаратурнага жыцця: спачатку ўваходзіў у аб’яднанне «Маладняк», а пазней стаў намеснікам старшыні ў «Узвышшы», якое адыграла значную ролю ў развіцці беларускай літаратуры. У гэты перыяд з’явіліся яго першыя зборнікі, што засведчылі самабытнасць аўтара і яго сатырычны талент.
Асаблівую вядомасць Кандрату Крапіве прынесла драматургія. Яго п’есы вызначаюцца вострай сатырай, глыбокім раскрыццём маральных праблем і яркімі характарамі. Камедыя «Хто смяецца апошнім», створаная ў 1939 годзе, атрымала шырокую папулярнасць, была пастаўлена ў многіх тэатрах і экранізавана кінастудыяй «Беларусьфільм». У 1951 годзе за п’есу «Пяюць жаваранкі» пісьменнік быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР, а ў 1956 годзе яму прысвоілі ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.
Творчая спадчына Кандрата Крапівы і сёння застаецца актуальнай. Яго творы не толькі адлюстроўваюць сваю эпоху, але і закранаюць вечныя праблемы чалавечых адносін, маральнага выбару і грамадскай адказнасці. Менавіта таму імя пісьменніка займае пачэснае месца ў гісторыі беларускай літаратуры, а яго творы працягваюць жыць у ХХІ стагоддзі.
Творчасць Кандрата Крапівы працягвае жыць не толькі на старонках кніг, але і ў сучаснай культурнай прасторы. Памяць пра выбітнага пісьменніка падтрымліваецца праз выставы, адукацыйныя праекты і інтэрактыўныя мерапрыемствы, якія дапамагаюць новым пакаленням адкрываць для сябе яго творчасць і шматгранную асобу.
Напрыклад, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае юных наведвальнікаў на захапляльную мовазнаўчую гульню па кнізе Кандрата Крапівы «Загадкі дзеда Кандрата», якая пройдзе з 5 па 31 сакавіка 2026 года.
Таксама з 20 лютага 2026 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе сумесная з Нацыянальным архiвам Рэспублікі Беларусь кніжна-дакументальная выстава «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці».
Творчасць Кандрата Крапівы застаецца неад’емнай часткай беларускай культурнай спадчыны, а яго слова і сёння гучыць актуальна і пераканаўча.
Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц












