«Тварыць – штодзённа, апантана
Для чалавека значыць – жыць».
Ніл Гілевіч. «Родныя дзеці»
30 верасня 2026 года спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння апошняга з васьмі народных паэтаў Беларусі, выдатнага фалькларыста, публіцыста, навукоўца, педагога, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, грамадскага дзеяча Ніла Сымонавіча Гілевіча (1931–2016).
Ніл Гілевіч нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна ў сялянскай сям’і Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны, дзе разам з ім расло восем дзяцей. Дзіцячыя і юнацкія гады будучага паэта прайшлі ў нялёгкі час: вайна, акупацыя, праца калгасным паштальёнам у 1945–1947 гадах. Менавіта гэтыя ўражанні сталі асновай паэзіі Ніла Сымонавіча і яго аўтабіяграфічнай аповесці «Перажыўшы вайну».
Пасля заканчэння Мінскага педагагічнага вучылішча і філалагічнага факультэта БДУ ён застаўся ў навуцы: скончыў аспірантуру, стаў кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам, а з 1978 года – прафесарам кафедры беларускай літаратуры.
Літаратурная спадчына мастака слова надзвычай багатая. Ніл Гілевіч – аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў («Песня ў дарогу», «Прадвесне ідзе па зямлі», «Неспакой», «Бальшак», «Актавы», «Святлынь», «Повязь» і інш.), рамана ў вершах «Родныя дзеці», кніг сатыры і гумару («Званковы валет», «Кантора», «Дыялог на хаду»), а таксама твораў для дзяцей («Сіні домік, сіні дом», «Дождж-грыбасей», «Загадкі»).
Асаблівае месца ў творчасці Ніла Гілевіча займае фалькларыстыка: ён даследаваў беларускую народную лірыку і загадкі, выдаў кнігі «Наша родная песня», «Паэтыка беларускай народнай лірыкі», «Паэтыка беларускіх загадак», а таксама ўклаў і адрэдагаваў шэраг фальклорных зборнікаў – «Песні сямі вёсак», «Песні народных свят і абрадаў», «Лірыка беларускага вяселля». Акрамя таго, Гілевіч быў таленавітым перакладчыкам: на беларускую мову ён пераклаў творы больш чым 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў: балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх.
Ніл Гілевіч быў не толькі літаратарам, але і актыўным грамадскім дзеячам. У 1980–1989 гадах ён узначальваў Саюз пісьменнікаў БССР, быў сакратаром Саюза пісьменнікаў СССР, а ў 1989–1997 гадах – старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і галоўным рэдактарам бюлетэня «Наша слова». Як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР XI склікання Ніл Сымонавіч кіраваў працоўнай групай па падрыхтоўцы Закона аб мовах, прынятага ў 1990 годзе, паводле якога беларуская мова вызначалася адзінай дзяржаўнай.
Памёр Ніл Гілевіч 29 сакавіка 2016 года і пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач са сваёй жонкай Нінай Іванаўнай. Яго імя ўшанавана ў літаратуры і навуцы: ён быў заслужаным дзеячам навукі БССР, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева, узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны.
У 2018 годзе на яго магіле быў урачыста адкрыты помнік.
Сёння творчасць Ніла Гілевіча застаецца жывым напамінам пра чалавека, для якога любоў да роднага слова была справай усяго жыцця. Памяць пра выбітнага паэта падтрымліваецца праз выставы, адукацыйныя праекты і мерапрыемствы, якія дапамагаюць новым пакаленням адкрываць для сябе творчасць і шматгранную асобу Ніла Сымонавіча Гілевіча.
Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц












