Дзяржаўная ўстанова адукацыі
«АКАДЭМІЯ АДУКАЦЫІ»
МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

Аб чым будуць расказваць вучням на новых факультатыўных занятках выхаваўчай накіраванасці

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» пра значнасць выхаваўчай работы ў адукацыйным працэсе і новыя факультатыўныя заняткі выхаваўчай накіраванасці.

Валянціна Васільеўна, што, на вашу думку, першасна: навучанне ці выхаванне?

– Калі разглядаць пытанне ў сацыяльным кантэксце, то, на мой погляд, больш важнае выхаванне. Ад яго залежыць, як чалавек скарыстаецца сваёй адукаванасцю, сваімі ведамі і ўменнямі. Нехта мудры сказаў, што адукаваны, але нявыхаваны чалавек куды больш небяспечны для сябе і для іншых, чым чалавек выхаваны, але неадукаваны. Калі гаварыць пра гэта больш лакальна, у дачыненні да адукацыйнага працэсу, то навучанне і выхаванне павінны ажыццяўляцца паралельна, гэта значыць, настаўнік, выхоўваючы, вучыць, навучаючы, выхоўвае. І трэба адзначыць, што ўсё навукова-метадычнае забеспячэнне агульнай сярэдняй адукацыі, якое распрацоўваецца ў інстытуце, нацэлена на вырашэнне менавіта гэтай задачы.

Што сёння з’яўляецца асноўным у выхаванні падрастаючага пакалення?

– Сярод напрамкаў выхаваўчай работы, вызначаных у Праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021–2025 гады, асабліва актуальным з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, мэта якога – фарміраванне ў навучэнцаў патрыятызму, павагі да гісторыі і культуры беларускага народа, захаванне гістарычнай памяці. Гэта адлюстравана і ў новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У артыкуле 54 замацавана, што «захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».

Педагогі атрымліваюць навукова-метадычную дапамогу ў сваёй рабоце па патрыятычным выхаванні навучэнцаў?

– Інфармацыйная і метадычная аснова для вырашэння гэтага пытання ёсць у вучэбных дапаможніках па вучэбных прадметах. У новым пакаленні вучэбных дапаможнікаў, распрацаваных у 2015–2021 гадах, значна пашыраны нацыянальны кантэнт. У іх уключана інфармацыя аб дасягненнях Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця (навуцы, медыцыне, прамысловасці, спорце, адукацыі), аб культурных і прыродных славутых мясцінах нашай краіны. Уключэнне такой інфармацыі ў вучэбныя дапаможнікі мае адну мэту – сістэматызаваць веды вучняў пра Беларусь, сфарміраваць пачуццё гордасці за сваю краіну і наш народ, якое, як вядома, з’яўляецца неад’емным складнікам патрыятызму.

Дарэчы, па выніках анкетавання, праведзенага ў ліпені 2023 года, больш за 90 % апытаных педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі лічаць, што вучэбныя дапаможнікі рэалізуюць выхаваўчую функцыю, іх змест садзейнічае фарміраванню ў вучняў грамадзянскіх і патрыятычных якасцей, маральнай культуры.

Для захавання гістарычнай памяці, выхавання патрыятызму важнае значэнне мае вывучэнне пытанняў, звязаных з генацыдам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З мінулага навучальнага года гэтыя пытанні пашыраны ў вучэбных праграмах па гісторыі Беларусі ў 9-х і 11-х класах. Цяпер па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь рыхтуюцца вучэбныя дапаможнікі для навучэнцаў 1–4-х, 5–9-х, 10–11-х класаў «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Дапаможнікі будуць выкарыстоўвацца пры вывучэнні вучэбных прадметаў «Гісторыя Беларусі», «Сусветная гісторыя», «Беларуская літаратура», «Руская літаратура», «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў. Да новага навучальнага года распрацавана інструктыўна-метадычнае пісьмо «Аб вывучэнні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі матэрыялаў аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Адзначу і тое, што навукова-метадычную падтрымку педагогам аказва­юць метадычныя дапаможнікі. Напрыклад, да новага навучальнага года Нацыянальным інстытутам адукацыі выдадзены дапаможнік для кіраўнікоў па ваенна-патрыя­тычным выхаванні «Ваенна-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў». У дапаможніку разглядаюцца асноўныя напрамкі, формы і метады ваенна-патрыятычнага выхавання, а таксама асаблівасці рэалізацыі ваенна-ідэалагічнага, ваенна-гістарычнага і ваенна-спартыўнага напрамкаў выхаваўчай работы на I, II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі.

Акрамя таго, для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі распрацаваны вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў патрыятычнай накіраванасці: «Школа абаронцаў Айчыны», «Гатовы Радзіме служыць!», «Юны пагранічнік» і іншыя. Факультатыўныя заняткі «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны» наведваюць усе дзевяцікласнікі краіны. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рэалізуецца вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму».

У чэрвені гэтага года зацверджаны новыя праграмы факультатыўных заняткаў выхаваўчай накіраванасці. У чым іх асаблівасці?

– У новым навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будуць рэалізоўвацца новыя праграмы факультатыўных заняткаў: у 6-м класе – «Духоўная спадчына Беларусі», у 9–10-х класах – «Святыні роднага краю». Абедзве праграмы накіраваны на грамадзянскае, патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў праз азнаямленне іх з духоўнай спадчынай, традыцыйнымі каштоўнасцямі беларускага народа.

Шасцікласнікі, напрыклад, на факультатыўных занятках змогуць даведацца пра асаблівасці беларускага календара, традыцыйныя беларускія рамёствы, гістарычныя назвы населеных пунктаў Беларусі, гістарычныя асаблівасці мужчынскага і жаночага адзен­ня беларусаў, помнікі сярэднявечнай архітэктуры ў Беларусі. Важнымі для фарміравання ў вучняў традыцыйных беларускіх каштоўнасцей будуць такія тэмы, як узаемаадносіны паміж бацькамі, дзецьмі, сваякамі; традыцыі штодзённага жыцця беларусаў. Вучэбнай праграмай факультатыўных заняткаў для 6-га класа прадугледжана выкананне творчых работ, вывучэнне паходжання назваў населеных пунктаў, у якіх пражываюць навучэнцы, традыцый, звычаяў і заняткаў прадстаўнікоў розных этнасаў, якія жывуць у Беларусі. У дапамогу педагогам у 2023 годзе будзе выдадзены дапаможнік «Духоўная спадчына Беларусі».

Праграма факультатыўных заняткаў «Святыні роднага краю» накіравана на паглыбленне ведаў вучняў 9–10-х класаў аб сваім родным краі. Яна мае яскравы практыка-арыентаваны характар і прадугледжвае арганізацыю з навучэнцамі краязнаўчай работы, правядзенне экскурсій і падарожжаў, наведванне музеяў устаноў адукацыі і культуры, храмаў, сустрэч з прадстаўнікамі розных канфесій, творчымі людзьмі свайго рэгіёна. Навучэнцам будзе прапанавана выкананне такіх практычных работ, як стварэнне каталогаў аб’ектаў помнікаў гісторыі і культуры роднага краю; складанне экскурсійна-краязнаўчых маршрутаў; збор інфармацыі пра знакамітых землякоў (дзяржаўных, палітычных, грамадскіх, ваенных дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры), якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна і Беларусі ў розныя перыяды; падрыхтоўка прэзентацый, відэаролікаў, фотавыстаў з выкарыстаннем краязнаўчых матэрыялаў; прэзентацыя іх на выхаваўчых, культурна-асветніцкіх мерапрыемствах ва ўстанове адукацыі.

У рамках факультатыўных заняткаў навучэнцы будуць удасканальваць такія навыкі вучэбна-даследчай дзейнасці, як аналіз літаратурных крыніц, архіўных краязнаўчых матэрыялаў, напісанне вучэбных даследчых работ. Трэба адзначыць, што матэрыялы, напрацаваныя вучнямі на факультатыўных занятках, будуць запатрабаваны таксама на ўроках гісторыі Беларусі па тэме «Наш край». Абедзве праграмы факультатыўных заняткаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (https://vospitanie.adu.by/organizatsiya-vospitaniya/uchebnie-programmi-fakultativnih-zanyatij.html).

Наколькі актыўна ў навукова-метадычным забеспячэнні выхаваўчай работы выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі?

– На нацыянальным адукацыйным партале створаны раздзелы «Школа Актыўнага Грамадзяніна», «Актуальныя практыкі і тэхналогіі выхавання», «Кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні», «Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў сярод навучэнцаў» (https://vospitanie.adu.by), дзе размяшчаюцца спасылкі на айчынныя інтэрнэт-рэсурсы, артыкулы і метадычныя распрацоўкі, якія педагогі могуць выкарыстоўваць у сваёй рабоце. На платформе «Патрыёт.by» сабраны матэрыялы па патрыятычным выхаванні: відэа-, фотаматэрыялы, праекты патрыятычнай накіраванасці.

Якія ўмовы для эфектыўнага патрыятычнага выхавання нашых навучэнцаў вы яшчэ вызначылі?

– Самая галоўная ўмова эфектыўнага патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення вызначана кіраўніком дзяржавы ў звароце да Нацыянальнага сходу і беларускага народа (2023 год): «Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт». Каб дасягнуць выніку, патрыятызм павінен быць ладам жыцця тых людзей, хто займаецца выхаваннем, у першую чаргу, бацькоў і педагогаў.

Узаемадзеянне ўстаноў адукацыі і бацькоў таксама вельмі важная ўмова эфектыўнага выхавання. Сёння ва ўстановах адукацыі выбудавана сістэма ўзаемадзеяння з сям’ёй па розных напрамках выхавання. У многіх установах адукацыі рэалізуюцца сумесныя праекты патрыятычнай накіраванасці. Эфектыўнаму сямейнаму выхаванню дзяцей садзейнічае праект «Бацькоўскі ўніверсітэт», які рэалізуецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з 2021 года. У дапамогу педагогам выдадзены дапаможнік «Сямейнае выхаванне: дзіця – малодшы школьнік», рыхтуюцца да выпуску яшчэ два дапаможнікі: «Сямейнае выхаванне: дзіця-падлетак», «Сямейнае выхаванне: дзіця-старшакласнік».

Для эфектыўнага патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення важна ўсведамленне ўсімі ўдзельнікамі выхаваўчага працэсу, што патрыятызм – гэта не проста ўзвышанае слова, але і ўсвядомленая штодзённая дзейнасць грамадзяніна на карысць Радзімы, народа, дзяржавы, сям’і. Гэтую думку вельмі важна ўсвядоміць усім дарослым і данесці яе дзецям: любоў да Радзімы праяўляецца не толькі ў словах, але і ў дзеяннях і ўчынках, у якасным і належным выкананні сваіх абавязкаў, у дзейнасці на карысць краіны і іншых людзей.

Падрыхтавала Ала Клюйко;
фота Алега Ігнатовіча;
крыніца: сайт РВУ «Выдавецкі дом „Педагагічная прэса“»

QR-код нацыянальнага адукацыйнага партала

КАРЫСНЫЯ СПАСЫЛКІ

КАНТАКТЫ

 вул. Караля, 16, 220004, г. Мінск

         Кантакты

         Магазін вучэбнай кнігі «Адукацыя»

         e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.