МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

Міжнародны дзень роднай мовы

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
У. Дубоўка

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day).

Гэтае свята, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, падтрымку нацыянальных моў і культур, захаванне нацыянальнай адметнасці і самабытнасці, забеспячэнне права кожнага чалавека карыстацца роднай мовай і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Лютаўская дата была абрана як даніна памяці падзеям 1952 года, калі ў сталіцы Бангладэш ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты – удзельнікі дэманстрацыі ў абарону роднай мовы. Студэнты патрабавалі прызнаць мову бенгалі адной з дзяржаўных моў краіны.

У лютым 2000 года Генеральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, падкрэсліўшы важнасць культурнай і моўнай разнастайнасці, падтрымала рашэнне ЮНЕСКА аб абвяшчэнні Міжнароднага дня роднай мовы і заклікала ўсе дзяржавы спрыяць абароне і захаванню моў народаў свету.

Моўная разнастайнасць – велізарны здабытак спадчыны і непаўторны вынік творчасці чалавека. Мова забяспечвае непарыўную сувязь паміж носьбітамі, паміж мінулым, сапраўдным і будучыняй.

На сённяшні дзень у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, але, па данных ЮНЕСКА, ў бліжэйшы час 43 % з іх можа знікнуць, страціўшы апошніх носьбітаў. Паводле праведзеных даследаванняў кожныя два тыдні знікае адна мова, забіраючы з сабой непаўторную культурную спадчыну.

У 2023 годзе гэтае свята праводзіцца на тэму: «Шматмоўная адукацыя – неабходнасць пераўтварэння адукацыі».

Рэспубліка Беларусь – поліэтнічная дзяржава. У нашай краіне пражываюць больш за 140 народнасцей, і ў любога іх прадстаўніка ёсць магчымасць карыстацца роднай мовай. Больш таго, дзяржава стварае ўмовы для навучання ў краіне на розных нацыянальных мовах.

Для большасці жыхароў Рэспублікі Беларусь роднай з’яўляецца беларуская мова. Таму ў краіне праводзіцца паслядоўная палітыка па яе падтрымцы і развіцці. 

Да Міжнароднага дня роднай мовы Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, круглыя сталы з удзелам вучоных-мовазнаўцаў, лекцыі, майстар-класы, прэзентацыі і інш. Актыўныя удзельнікі святкавання – установы адукацыі, навуковыя установы, бібліятэкі, арганізацыі мас-медыа.

З нагоды Дня роднай мовы сваю святочную праграму прадставіць і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Ва ўстанове ладзяцца кніжныя выставы: «Ад літары да слова. Ад слова да мовы», «Родная мова – духоўная спадчына народа». З 19 па 21 лютага традыцыйна ўвечары на вонкавым электронным светлавым табло бібліятэкі можна пабачыць святочныя графічныя малюнкі з усім знаёмымі са школы вершамі, цытататамі класікаў літаратуры, беларускімі словамі, якія адлюстроўваюць прыгажосць і ўнікальнасць роднай мовы.

НІА

QR-код нацыянальнага адукацыйнага партала

КАРЫСНЫЯ СПАСЫЛКІ

КАНТАКТЫ

 вул. Караля, 16, 220004, г. Мінск

         Кантакты

         Магазін вучэбнай кнігі «Адукацыя»

         e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.