Год культуры ў Беларусі

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2015 года № 522 2016 год абвешчаны Годам культуры. Дакумент прыняты «ў мэтах аб’яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятыў».

Рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2016 годзе Года культуры, які распрацоўваецца Урадам сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, будзе закранаць усе сферы дзейнасці: культуру вытворчасці і земляробства, культуру сямейных адносін і побыту, культуру добраўпарадкавання населеных пунктаў.

Значная ўвага нададзена сферы мастацкай культуры. Прадугледжваецца правядзенне комплексу мерапрыемстваў, звязаных са знакавымі для культуры Беларусі юбілейнымі датамі: 125‑годдзем з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 120‑годдзем з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 95‑годдзем з дня нараджэння Івана Шамякіна, 75‑годдзем з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна і інш. 25‑гадовы юбілей будзе адзначаць і фестываль мастацтваў «Славянскі базар».

У 2016 годзе будзе весціся падрыхтоўка да мерапрыемстваў з нагоды святкавання юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў 2017 годзе.

У краіне таксама пройдуць міжнародныя фестывалі, канцэрты, творчыя форумы. Дзякуючы дзяржаўнай праграме «Культура» будзе аказана падтрымка прафесійнаму мастацтву, ахове помнікаў. За год плануецца завяршыць рэстаўрацыю кінастудыі «Беларусьфільм», мастацкага квартала ў Мінску. З’явяцца новыя фільмы і творчыя праекты. Пасля рэстаўрацыі пачнуць дзейнічаць некаторыя аб’екты культуры, а таксама аб’екты, аднаўленне якіх ажыццяўлялася ў межах дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі». У Слуцку плануецца ўсталяваць помнік легендарнай княгіні Анастасіі Слуцкай. У Ватыкане рыхтуецца выстава беларускіх праваслаўных і каталіцкіх абразоў.

Доўгі час вялася праца над Кодэксам аб культуры, аналага якому ў свеце пакуль няма. У пачатку снежня 2015 года дэпутаты ў першым чытанні прынялі праект згаданага нарматыўнага прававога акта. Дакумент складаецца з агульнай і спецыяльнай частак, пяці раздзелаў, 257 артыкулаў і прадугледжвае комплекснае і сістэмнае рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы культуры, якая прадстаўлена адзінаццаццю напрамкамі культурнай дзейнасці.

Своеасаблівы старт Года культуры адбудзецца падчас XXVIII Міжнароднага фестывалю класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары», які пройдзе 9–12 студзеня 2016 года ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы. Брэст наведаюць больш за 300 музыкантаў з 16 краін свету (В’етнама, Грузіі, Італіі, Кітая, Літвы, Нідэрландаў і інш.).

Матэрыял падрыхтаваны ўпраўленнем дыстанцыйных адукацыйных паслуг
Адукацыйнага цэнтра НІА


Опубликовать в Facebook
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники
Опубликовать Вконтакте
Опубликовать в Яндекс