Вядучай вышэйшай навучальнай установе нашай краіны – Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту – споўнілася 95 год.

Афіцыйнай датай пачатку дзейнасці ўстановы лічыцца 30 кастрычніка 1921 года, калі адбыўся так званы Акт адкрыцця Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Лекцыйныя заняткі пачаліся 31 кастрычніка. Студэнты мелі магчымасць навучацца на трох факультэтах: медыцынскім, грамадскіх навук і рабочым. Першым рэктарам БДУ з’яўляўся вядомы гісторык Уладзімір Іванавіч Пічэта.

У цяперашні час Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – гэта 26 факультэтаў і адукацыйных устаноў, 10 навукова-даследчых інстытутаў, дзе навучаюцца больш за 30 тысяч студэнтаў і магістрантаў і працуюць больш за 3 тысячы выкладчыкаў. Гэта ўстанова, якая супрацоўнічае больш як з 350 установамі вышэйшай адукацыі ў больш чым 60 краінах свету.

З гісторыяй утварэння, працэсам станаўлення і сучасным днём Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта можна пазнаёміцца на выставе «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: гісторыя і сучаснасць», якая з нагоды юбілею разгорнута ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. У першай частцы экспазіцыі прадстаўлены копіі дакументаў аб утварэнні гэтай установы адукацыі, подліннікі першых навуковых выданняў, падручнікі, заліковыя кніжкі, дыпломы, фотаздымкі, асабістыя рэчы знакамітых вучоных і іншыя рарытэты, якія ілюструюць жыццё БДУ ў 20–30 гады ХХ стагоддзя.

 

 

 

 

 

Другая частка выставы распавядае пра навуковыя дасягненні Белдзяржуніверсітэта на сучасным этапе. Увазе гледачоў прапанаваны навукова-тэхнічная прадукцыя і распрацоўкі па біятэхналогіі, медыцыне, хіміі, фізіцы, прыборабудаванні, энергазберажэнні, ахове навакольнага асяроддзя, касмічных тэхналогіях і ў іншых галінах. Гэты плён інтэлектуальнай і творчай думкі сведчыць, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт зараз – магутны навукова-адукацыйны цэнтр, дзейнасць якога накіравана на перспектыўнае і інавацыйнае развіццё Беларусі.

 

 

 

 

 

Фатаграфіі з выставы «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: гісторыя і сучаснасць» можна паглядзець у віртуальным фотаальбоме «95 год БДУ».

 

НІА
(выкарыстаны матэрыялы сайта http://www.bsu.by)