Печать
Категория: Праздники и знаменательные даты

Штогод у апошнюю нядзелю студзеня адзначаецца Дзень беларускай навукі. Святкаванне ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157. Гэта прафесійнае свята супрацоўнікаў усіх навуковых галін, а таксама аспірантаў, студэнтаў, навучэнцаў, якія займаюцца даследчай дзейнасцю. Сёлета беларуская акадэмічная навука адзначае сваё стагоддзе.

За шматгадовую гісторыю ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, выраслі вучоныя з сусветным імем. Імі вырашаны шэраг буйных тэарэтычных і прыкладных праблем у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, навук аб Зямлі, гуманітарных і сацыяльных навук. Буйныя навуковыя вынікі атрыманы практычна па ўсіх напрамках навуковых даследаванняў і распрацовак, шырока вядомыя і атрымалі высокую ацэнку ў Беларусі і за мяжой. Вынікі даследаванняў акадэмікаў Я. Р. Канавалава (фізіка, 1972), А. А. Ахрэма (хімія, 1975), М. А. Барысевіча (фізіка, 1977), Ф. І. Фёдарава (фізіка, 1980), В. І. Вацякова (медыцына, біялогія, 1986), У. С. Улашчыка (медыцына, біялогія, 1991) і кандыдата хімічных навук В. А. Лапінай (біяфізіка, біяхімія, 1991) у былым СССР зарэгістраваны ў якасці навуковых адкрыццяў.

Першай у нашай краіне шматгаліновай навукова-даследчай установай быў Інстытут беларускай культуры (скарочана Інбелкульт), заснаваны ў Мінску 30 студзеня 1922 года на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы БССР. Узначаліў арганізацыю С. М. Некрашэвіч, затым яго на пасадзе старшыні змяніў У. М. Ігнатоўскі. Напачатку інстытут займаўся даследаваннямі толькі ў галіне гуманітарных навук: беларускае мовазнаўства і літаратура, гісторыя, этнаграфія, фальклор, мастацтва. Пазней пачалі арганізоўвацца іншыя секцыі: геаграфіі, права, педагогікі, медыка-ветырынарная, сацыяльна-эканамічная і інш. У 1924 годзе Інбелкульт набыў статус вышэйшай дзяржаўнай навуковай установы Беларусі. Праз тры гады яго структура была набліжана да акадэмічнай і ўключала два аддзелы: гуманітарных навук (пад кіраўніцтвам С. М. Некрашэвіча) і прыроды і гаспадаркі (пад кіраўніцтвам А. А. Смоліча). Пачала працаваць аспірантура.

13 кастрычніка 1928 года пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў БССР Інстытут беларускай культуры быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук, першым прэзідэнтам якой стаў вядомы гісторык прафесар Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі. Урачыстае адкрыццё Акадэміі навук адбылося 1 студзеня 1929 года. З самага пачатку свайго існавання яна як вядучы навуковы цэнтр вызначала эканамічнае, тэхналагічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё краіны.

Зараз Нацыянальная акадэмія навук Беларусі – гэта вышэйшая дзяржаўная навуковая арганізацыя Рэспублікі Беларусь. Яна ажыццяўляе каардынацыю фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, якія выконваюцца ўсімі суб’ектамі навуковай дзейнасці, правядзенне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак па важнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў з мэтай атрымання новых ведаў аб чалавеку, грамадстве, прыродзе і штучна створаных аб’ектах дзеля павелічэння навукова-тэхнічнага, інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу нашай краіны. Лік яе супрацоўнікаў складае каля 14 тысяч чалавек, сярод якіх каля 5 507 даследчыкаў, 387 дактароў навук і 1 611 кандыдатаў навук, 207 прафесараў і 518 дацэнтаў.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі налічвае 110 суб’ектаў, у тым ліку 70 навуковых арганізацый, тут дзейнічаюць каля 150 вытворчасцей, якія выпускаюць прадукцыю 5, 6 і больш высокіх навукова-тэхналагічных укладаў у такіх навукаёмістых сферах, як машынабудаванне і біятэхналогіі, новыя матэрыялы. НАН Беларусі займае 500-ы радок сярод найбольш прасунутых навуковых арганізацый і ВНУ з больш як 7 500, якія ўлічаны ў сусветным рэйтынгу.

 

НІА