Штогод у чацвёрты панядзелак кастрычніка многія краіны свету адзначаюць Міжнародны дзень школьных бібліятэк (International School Library Day). Сёлета гэта 26 кастрычніка.
Святкаванне Міжнароднага дня школьных бібліятэк было ўстаноўлена ў 1999 годзе па ініцыятыве ЮНЕСКА і Міжнароднай асацыяцыі школьных бібліятэк (IASL).
З 2008 года адзначаецца месячнік школьных бібліятэк. Гэта дае магчымасць іх кіраўнікам па ўсім свеце выбраць найбольш зручны дзень ці тыдзень, каб нагадаць пра важнасць існавання сховішчаў ведаў для вучняў і настаўнікаў, а ўсім тым, хто карыстаецца іх паслугамі, павіншаваць школьнага бібліятэкара.
Штогод тэма месячніка розная. У 2020 годзе яна мае назву «Знайсці свой шлях да добрага здароўя і дабрабыту». Тэма звязана з Мэтай № 3 у галіне устойлівага развіцця ААН: «Добрае здароўе і дабрабыт». Арганізатары прапануюць усім удзельнікам падумаць і адзначыць сувязь паміж кнігамі, чытаннем, школьнымі бібліятэкамі, добрым здароўем і дабрабытам, паўдзельнічаць у праектах і мерапрыемствах месячніка. Міжнародная асацыяцыя школьных бібліятэк спадзяецца, што ў гэтым годзе месячнік пройдзе вельмі творча і стане ўражальным святам для школьных бібліятэк усяго свету.
Мы віншуем усіх школьных бібліятэкараў з іх святам. Няхай ваша высакародная цяжкая праца ніколі не застаецца па-за ўвагай, няхай куток ведаў – школьная бібліятэка – будзе перапоўнены чытачамі, няхай папаўняюцца кніжныя фонды новымі цікавымі творамі! Больш нагод для радасных усмешак і шчаслівага смеху!
НІА