Печать
Категория: Праздники и знаменательные даты

Міжнародны дзень дабрачыннасці адзначаецца штогод 5 верасня пад эгідай ААН. Мэта гэтага Дня – прыцягненне ўвагі грамадскасці да дзейнасці дабрачынных арганізацый і асобных людзей у пераадоленні беднасці і вострых гуманітарных крызісаў, заахвочванне і мабілізацыя людзей, грамадскіх арганізацый і зацікаўленых бакоў у свеце для ўдзелу ў валанцёрскай і дабрачыннай дзейнасці.

Дата правядзення Дня дабрачыннасці прымеркавана да гадавіны смерці маці Тэрэзы Калькуцкай (1910–1997), вядомай місіянеркі і каталіцкай манашкі, якая на працягу паўстагоддзя служыла бедным, хворым і сіротам, займаючыся дабрачыннай дзейнасцю спачатку ў Індыі, а затым і ў іншых краінах і атрымала за сваю высакародную працу прызнанне ў свеце, а ў 1979 г. стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Дабрачыннасць дапамагае пераадолець наступствы цяжкіх крызісаў, дапаўняе дзейнасць дзяржавы ў сферы аховы здароўя, адукацыі, жыллёвага будаўніцтва і абароны насельніцтва, спрыяе развіццю культуры, навукі, спорту і забяспечвае ахову прыроды.

Міжнародны фонд дабрачыннай дапамогі штогод складае сусветны індэкс дабрачыннасці. У ім згадваецца і наша краіна. Адзначаецца, што ў Беларусі ахвяруюць грошы больш як 20 % насельніцтва. Кожны чацвёрты наш суайчыннік аказваў дапамогу незнаёмым людзям, кожны пяты займаўся валанцёрствам. Асноўную частку ахвяраванняў робяць звычайныя людзі.

Як разумеюць дабрачыннасць і на што гатовы ахвяраваць жыхары Беларусі? Вынікі даследавання ў свой час прадставіў Беларускі Чырвоны Крыж. У нас вялікая колькасць гуманітарных і дабрачынных арганізацый, якія дапамагаюць дзяржаве вырашаць важныя сацыяльныя праблемы. Усё больш людзей свядома становяцца валанцёрамі. Расце колькасць сацыяльных праектаў. Большасць вырашае ахвяраваць напрамую людзям, якія маюць патрэбу, меншая частка – праз дабрачынныя і грамадскія арганізацыі. Бізнес дапамагае ў аднолькавай ступені і непасрэдна людзям, і праз дабрачынныя структуры. Асноўны від ахвяраванняў – грошы.

Дабрачыннасць мае добраахвотны і ананімны характар, арыентавана на грамадска значныя задачы і не мяркуе атрымання прыбытку. У якасці рэсурсаў выступаюць як фінансавыя і матэрыяльныя сродкі, так і здольнасці і энергія людзей як, напрыклад, садзейнічанне ў аднаўленні помнікаў гісторыі і храмаў, аснашчэнне адукацыйных і лячэбных устаноў, дапамога дзецям, дарослым, інвалідам, старым, людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, бадзяжным і выміраючым жывёлам... Варыянтаў дапамогі шмат: можна ахвяраваць грошы, аддаваць рэчы або кроў, дапамагаць тушыць пажары, а можна аддаваць свой час. Галоўнае – разумець, што дапамога іншым з’яўляецца не цяжкім абавязкам, а шчасцем. Шчодрасць, спачувальнасць ствараюць моцныя сувязі паміж людзьмі, дапамагаюць цаніць жыццё і адчуваць сябе карыснымі і запатрабаванымі.

 

НІА