12 жніўня штогод адзначаецца Міжнародны дзень моладзі, галоўнай мэтай якога з’яўляецца прыцягненне ўвагі да праблем маладых людзей. Сёння ў свеце каля 1,8 млрд. дзяцей і моладзі ва ўзросце да 24 гадоў. Сярод дзяцей ад 6 да 14 гадоў больш за палову не ўмеюць чытаць і лічыць, хоць і наведваюць школу.

Таму тэмай сёлетняга Міжнароднага дня моладзі з’яўляецца ўсеахопная адукацыя. Палітыкі і грамадства звяртаюць увагу на ўмацаванне мер па забеспячэнні інклюзіўнасці і даступнасці адукацыі для ўсіх маладых з мэтай стварэння роўных умоў для ўстойлівага развіцця краін свету.

Гэта павінна адыграць станоўчую ролю ў папярэджанні канфліктаў. Больш за тое, доступ да адукацыі – гэта «мультыплікатар развіцця», бо адыгрывае ключавую ролю ў паскарэнні прагрэсу. Важнай умовай адукацыйных сістэм з’яўляецца эфектыўнасць навучання і адаптаванасць школьных праграм да рашэння жыццёвых задач. У розных краінах свету маладыя людзі самі вырашаюць праблемы пераўтварэння адукацыйных праграм. Напрыклад, праз свае арганізацыі пры садзейнічанні ўрадаў і грамадскіх аб’яднанняў моладзь наладжвае партнёрства з адукацыйнымі ўстановамі, удзельнічае ў распрацоўцы праграм дадатковага навучання.

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Дзяржаўная праграма «Адукацыя і маладзёжная палітыка». Вось некаторыя яе вынікі:

  • 96,5 % дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў наведваюць установы дашкольнай адукацыі;
  • 89 % вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымліваюць адукацыю ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання, інклюзіўнай адукацыі;
  • 99,9 % выяўленых дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў 2018/2019 навучальным годзе былі забяспечаны спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай;
  • 99,9 % выпускнікоў, якія павінны былі быць размеркаваны, атрымалі накіраванне на работу;
  • 58 % дзяцей і моладзі ахоплены дадатковай адукацыяй;
  • 104,8 тыс. маладых людзей удзельнічаюць у дзейнасці па развіцці маладзёжнага самакіравання (парламенты, студэнцкія і маладзёжныя саветы і інш.);
  • больш за 499 тыс. навучэнцаў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў (51,4 % ад усіх вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі) наведваюць 689 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі;
  • больш за 80 тыс. маладых людзей былі ахоплены рознымі відамі працоўнай дзейнасці;
  • больш за 72 тыс. маладых людзей удзельнічаюць у валанцёрскім руху.

Пастаянная міжведамасная камісія па дзяржаўных праграмах у 2018 годзе прызнала рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» высокаэфектыўнай.

 

НІА
па матэрыялах сайтаў https://www.un.org і
http://edu.gov.by