Штогод 30 ліпеня адзначаецца Міжнародны дзень сяброўства, афіцыйна ўстаноўлены Асамблеяй ААН у 2011 годзе. Ён заснаваны на прызнанні актуальнасці і важнасці значэння сяброўства паміж людзьмі і дзяржавамі ва ўсім свеце як высакароднага і вельмі каштоўнага пачуцця. Задача свята – прыцягненне моладзі, у тым ліку будучых лідараў, да грамадскай дзейнасці, скіраванай на паважлівае ўспрыманне розных культур.

Перад светам стаіць вялікая колькасць выклікаў і пагроз. Жабрацтва, гвалт, парушэнне правоў чалавека перашкаджаюць устойліваму развіццю чалавецтва. Супрацьстаяць гэтым бедам можна праз сяброўства, якое робіць нас бліжэй. Толькі разам можна дасягнуць згоды і стабільнасці.

Міжнародны дзень сяброўства з’яўляецца папулярным святам у розных краінах свету. У гэты дзень людзі віншуюць адзін аднаго, надаючы асаблівую ўвагу знаёмым і сябрам.

У шэрагу краін, дзе адзначаецца Міжнародны дзень сяброўства, не выключэннем з’яўляецца наша Беларусь. З самых першых дзён атрымання незалежнасці мы заявілі пра сябе як мірную дзяржаву, здольную сябраваць, падтрымліваць добрыя адносіны са сваімі суседзямі і з рознымі краінамі па ўсёй Зямлі. Наша краіна з’яўляецца адным з ініцыятараў і актыўным удзельнікам рэгіянальных інтэграцыйных структур і праектаў, уносіць істотны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і стабільнасці.

Беларусь мае свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 57 дзяржавах. З улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве краіна прадстаўлена ў 107 з 174 дзяржаў, з якiмi ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны.

Вось і ў гэтыя дні ў Мінску з нагоды афіцыйнага візіту ў нашу краіну Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева пачаў работу І Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. У Нацыянальным выставачным цэнтры БелЭкспа больш за 80 самых паспяховых прадпрыемстваў прадставяць прадукцыю цэнтральнай Азіі. За некалькі дзён плануецца абмеркаваць шэраг важнейшых пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў у галіне адукацыі, навукі, прамысловасці.

 

НІА