У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» як знак асобай павагі да ганаровай прафесіі барацьбітоў з вогнішчам 25 ліпеня ўстаноўлена святкаванне Дня пажарнай службы.

Гэты дзень вызначаны невыпадкова. 25 ліпеня 1853 года Мінскае губернскае праўленне і Мінская гарадская дума прынялі пастанову «О новом устройстве в Минске пожарной команды и утверждении штата оной». З гэтай даты пачынаецца гісторыя беларускай прафесійнай пажарнай службы. Тады ж былі створаны пажарныя часці ў Магілёве, Віцебску і іншых гарадах. Крыху пазней пачалі з'яўляцца вольна-пажарныя таварыствы.

За шматгадовую гісторыю выратавальнікаў нязменным засталося прызначэнне: заўсёды прыйсці на дапамогу.

Таму на святкаванні Дня пажарнай службы заўсёды шмат гасцей. Як даніна традыцыям, у такія дні адбываюцца выступленні духавых аркестраў, дэманстрацыя пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Вось і на ўрачыстасці, якая адбылася ў Мінску 20 ліпеня, было шмат людзей. Госці змаглі стаць удзельнікамі не толькі парада тэхнікі, канцэртаў, але і воднай феерыі, паназіраць за працай паветраных судоў, апрануцца ў адзенне пажарнага.

У абласных гарадах святкаванне Дня пажарнай службы пройдзе 25–27 ліпеня. Асноўныя мерапрыемствы ў рэспубліцы сёлета будуць адбывацца на больш чым 100 лакацыях.

Магілёўскія выратавальнікі падрыхтавалі прэзентацыю пажарнай рэтра-тэхнікі і сучасных аварыйна-выратавальных машын, майстар-класы па аказанні першай медыцынскай дапамогі і шмат іншага. На святочнай пляцоўцы будуць працаваць раставыя лялькі і клоўны. Мерапрыемствы пройдуць 25 ліпеня.

У гэты ж дзень пачаставацца салдацкай кашай, прыгатаванай на палявой кухні, паслухаць жывы канцэрт сімфанічнага аркестра, а таксама знутры ўбачыць баявую тэхніку можна будзе на свяце ў Гродна.

Жыхароў і гасцей Брэста работнікі МНС запрашаюць прыходзіць сем'ямі, з дзецьмі, бо і для іх будзе адбывацца шмат цікавага! З 14 гадзін і да заканчэння мерапрыемства будуць бесперапынна праходзіць конкурсы ад ратавальнікаў – «Вясёлы мастак», «Апрананне баявога адзення», «Тэлефон службы выратавання», «Спрытны выратавальнік» і шмат іншых. Кульмінацыяй свята стане ўрачыстая цырымонія адкрыцця тэматычнага арт-аб’екта, які Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС падорыць гораду. У парку з’явіцца незвычайная лаўка «Пажарны аўтамабіль».

Святочныя мерапрыемствы ў Віцебску пачнуцца з прыняцця прысягі работнікамі МНС, упершыню прынятымі на службу. Пазней у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адбудзецца адкрыццё фотавыставы «NO FEAR». Аўтары фотапраекта – работнікі МНС з пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада «Віцязь». Далейшыя святочныя мерапрыемствы разгорнуцца ў пойме ракі Віцьба, дзе будзе арганізавана выстава аварыйна-выратавальнай тэхнікі, атракцыёны «Дымавая завеса», «Вясёлы альпініст» і многае іншае. Дзеці і іх бацькі змогуць правесці час з карысцю, наведаўшы інтэрактыўную, інфармацыйна-забаўляльную пляцоўку.

27 ліпеня ў Гомелі малыя і іх бацькі змогуць правесці час з карысцю і навучыцца правілам дзеянняў у выпадку надзвычайных сітуацый, прайсці скрозь дым у спецыяльным абсталяванні, заваяваць вяршыні на пляцоўцы «Цар гары», праявіць спрыт у гульні «Электроніка 112» і адчуць сябе сапраўдным змагаром з агнём.

НІА
па матэрыялах сайта
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях
Рэспублікі Беларусь