15 ліпеня ў штаб-кватэры ААН і па ўсім свеце будзе адзначацца Сусветны дзень навыкаў моладзі (World Youth Skills Day).

Гэты дзень устаноўлены па ініцыятыве Шры-Ланкі і мае на мэце павышэнне ўзроўню інфармаванасці пра важнасць інвестыцый у навыкі моладзі, паляпшэння сацыяльна-эканамічных умоў для маладых людзей, рашэння праблем беспрацоўя і няпоўнай занятасці.

Устанаўленне Сусветнага дня навыкаў моладзі – спосаб нагадаць грамадству пра ролю юнакоў і дзяўчат у прасоўванні ўстойлівага развіцця і неабходнасць інвестыцый у ахову здароўя, прафесійную падрыхтоўку і працаўладкаванне маладых людзей.

Сёння ў свеце налічваецца 1,2 млрд. чалавек ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў, што складае 16 % насельніцтва планеты. Рост беспрацоўя сярод юнакоў і дзяўчат – сур’ёзная праблема для эканомікі і грамадства. У наступнае дзесяцігоддзе неабходна стварыць не менш за 475 млн. новых рабочых месцаў для 73 млн. маладых, якія не маюць работы зараз, і 40 млн., якія штогод упершыню выходзяць на рынак працы. Большая частка беспрацоўных – гэта жыхары краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары і Паўднёвай Азіі. Па даных ААН, пераходны перыяд ад вучобы да работы ўвесь час становіцца больш працяглым і няўпэўненым. Прыкладна палова насельніцтва Зямлі – людзі, маладзейшыя за 25 гадоў. Сярод іх кожны пяты не мае доступу да адукацыі. На жаль, частка адукацыйных сістэм у свеце не задавальняе адукацыйныя патрэбы маладых людзей. У выніку моладзь дэманструе нізкія паказчыкі ў элементарнай граматнасці і веданні арыфметыкі. У сацыялогіі нават існуе спецыяльны тэрмін «пакаленне ні ні», якім характарызуецца моладзь, якая не вучыцца і не працуе.

Менавіта таму адукацыя і прафесійная падрыхтоўка становяцца асноўнымі фактарамі поспеху на рынку працы.

15 ліпеня Генеральная Асамблея ААН прапануе дзяржавам-членам, арганізацыям сістэмы ААН і іншым міжнародным і рэгіянальным арганізацыям, усім людзям адзначаць Сусветны дзень навыкаў моладзі з улікам нацыянальных прыярытэтаў: праводзіць асветніцкія кампаніі, інфармацыйна-прапагандысцкія мерапрыемствы. Традыцыйна шэраг краін арганізуе канферэнцыі, асветніцкія лекторыі, семінары, прысвечаныя пытанням прафесійнай падрыхтоўкі і працаўладкавання моладзі. Апошнім часам вельмі папулярным становіцца рух WorldSkills – спаборніцтва маладых кваліфікаваных рабочых і студэнтаў ва ўзросце да 22 гадоў. У сеціве маладыя людзі выкладваюць фотаздымкі сваіх працоўных месцаў. У студзені 2014 Беларусь афіцыйна стала 68 сябрам міжнароднай арганізацыі WorldSkills International. Больш падрабязна пра гэта тут.

У Рэспубліцы Беларусь дзяржаўная маладзёжная палітыка ўяўляе сабой сістэму прававых, арганізацыйных, фінансава-эканамічных, навуковых, інфармацыйных, кадравых мер, якія скіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для выбару маладымі грамадзянамі ва ўзросце ад 14 да 31 года свайго прафесійнага шляху, развіцця патэнцыялу. Згодна са статыстыкай, у нашай краіне пятая частка насельніцтва – гэта моладзь, якая мусіць актыўна ўдзельнічаць у стварэнні моцнай і квітнеючай Беларусі.

Асноўныя дакументы, якія вызначаюць мэты і напрамкі дзейнасці ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, з’яўляюцца Закон «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі» і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

 

НІА
па матэрыялах сайта https://www.un.org