Штогод 11 ліпеня па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі ААН адзначаецца Сусветны дзень народанасельніцтва.

Гэтая дата мае невыпадковы характар. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый 11 ліпеня 1987 года зафіксавала, што насельніцтва планеты склала 5 мільярдаў чалавек. Гэты дзень быў названы Днём пяці мільярдаў (Five Billion Day).

Спецыялісты розных галін навукі заклапочаны хуткім павелічэннем насельніцтва Зямлі. Пачынаючы з 1960 па 1999 гады колькасць людзей памножылася больш чым удвая. 75 % прыросту прыпадаюць на краіны Азіі і Афрыкі. Урады краін прыкладаюць намаганні па стрымліванні гэтага працэсу. Тым не менш, па прагнозах вучоных, калі тэндэнцыі захаваюцца, то колькасць насельніцтва ў 2025 годзе складзе 8,1 мільярда чалавек, а ў 2050 – 9,6 мільярда. Чакаецца, што 80 % прыросту будзе прыпадаць на Афрыку.

Больш за палову насельніцтва планеты ў перыяд з 2014 па 2050 народзіцца ў дзевяці краінах: Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Індыя, Інданэзія, Нігерыя, Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія, Пакістан, Злучаныя Штаты Амерыкі, Уганда і Эфіопія. Індыя да 2028 года стане самай густанаселенай краінай свету. Такія хуткія тэмпы росту народанасельніцтва ствараюць дадатковую рэсурсную нагрузку, у тым ліку на навакольнае асяроддзе.

Разам з тым, адзіным рэгіёнам, дзе назірацца адваротны працэс, – Еўропа. Тут пасля 2020 года колькасць насельніцтва будзе скарачацца. Найбольшае скарачэнне насельніцтва чакаецца ў Германіі, Кітаі, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Румыніі, Сербіі, Тайландзе, Украіне і Японіі. Скарачэнне прагназуецца і ў іншых краінах Усходняй Еўропы, Усходняй, Паўднёва-Усходняй і Заходняй Азіі, іншых частках Еўропы, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Краіны з негатыўнай дэмаграфічнай сітуацыяй распрацоўваюць меры па паляпшэнні свайго становішча.

Па даных Белстата, на 1 студзеня 2019 года колькасць насельніцтва ў Беларусі склала 9 475 600 чалавек. Для параўнання – год таму нас было 9 491 800.

Пачынаючы з 2002 года, у краіне дзейнічае Закон «Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», які ўстанаўлівае прававыя і арганізацыйныя асновы дэмаграфічнай бяспекі. Асноўнай формай рэалізацыі гэтага Закона з’яўляюцца дзяржаўныя праграмы ў галіне дэмаграфічнай бяспекі.

Акрамя таго, з 1994 года ў Беларусі пачаў дзейнічаць Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА). Асноўная місія ЮНФПА – стварыць свет, у якім кожная цяжарнасць будзе чаканай, кожныя роды бяспечнымі, а патэнцыял усіх маладых людзей рэалізаваны. У Беларусі Фонд дзейнічае па наступных напрамках: рэпрадуктыўнае здароўе, народанасельніцтва і развіццё, гендарная роўнасць.

ЮНФПА пры падтрымцы ўрадаў Кеніі і Даніі ў лістападзе гэтага года правядзе канферэнцыю высокага ўзроўню ў сталіцы Кеніі – горадзе Найробі, дзе будуць абмеркаваны глабальныя праблемы народанасельніцтва.

У Сусветны дзень народанасельніцтва актывісты планеты заклікаюць лідараў, палітыкаў, звычайных людзей звярнуць увагу на даступнасць рэалізацыі права на рэпрадуктыўнае здароўе і гендарную роўнасць. Гэтыя правы павінны стаць рэальнасцю для ўсіх.

 

НІА
па матэрыялах даклада Генеральнага сакратара ААН «Сусветныя дэмаграфічныя тэндэнцыі»
на 47 сесіі Камісіі ААН па народанасельніцтве і развіццю