5 чэрвеня Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 02.02.2000 № 35 у нашай краіне ўстаноўлены Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Адначасова больш чым ў 100 краінах адзначаецца Сусветны дзень навакольнага асяроддзя, калі ўрады і няўрадавыя арганізацыі імкнуцца на самых розных узроўнях прыцягнуць увагу да вострых пытанняў экалогіі. У гэтым напрамку павінны дзейнічаць і міжнародныя арганізацыі, і дзяржаўныя органы, і калектывы, і звычайныя людзі. Кожны здольны зрабіць крок насустрач Зямлі.

Штогод Сусветны дзень навакольнага асяроддзя прысвячаецца пэўнай праблеме, для чаго выбіраецца краіна для афіцыйных урачыстасцяў. Увага, якая надаецца краіне-гаспадыні, дапамагае дасканала выявіць найбольш вострыя экалагічныя праблемы і дапамагчы іх вырашыць. Сёлета краінай, у якой пройдуць асноўныя мерапрыемствы, стаў Кітай, дзе будуць абмяркоўваць праблемы барацьбы з забруджваннем паветра.

Беларусь таксама прыкладае шмат намаганняў у гэтым напрамку. Напрыклад, распрацавана і паспяхова рэалізуецца Стратэгія ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 года.

Гэты дакумент прадугледжвае шэраг мер па паляпшэнні атмасфернага паветра праз аснашчэнне вытворчасці сучасным абсталяваннем; спыненне вытворчасці лакафарбавых матэрыялаў з утрыманнем лятучых арганічных злучэнняў 50 % і больш; паэтапнае ўкараненне для мабільных крыніц стандартаў Еўрапейскага саюза па выкідах забруджвальных рэчываў, арганізацыі выпуску і спажывання маторнага паліва з палепшанымі экалагічнымі характарыстыкамі; павелічэнне выкарыстання біядызельнага паліва і біяэтанолу; павелічэнне долі грамадскага транспарту з палепшанымі экалагічнымі характарыстыкамі і электратранспарту (у буйных гарадах – не менш за 70 %) і інш.

У канцы 2016 года прыняты Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь да 2020 года, у якім прадугледжана развіццё інфраструктуры электратранспарту і гарадской мабільнасці; рэалізацыя канцэпцыі «разумных» гарадоў; павышэнне патэнцыялу выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі і, вядома ж, забеспячэнне экалагічнай адукацыі і асветы.

Асаблівая ўвага надаецца развіццю экалагічнай адукацыі. З 2013 года ў Беларусі рэалізуецца яе новая мадэль, актыўна ўкараняюцца праграмы «Зялёных школ». Сёння ўжо каля 50 школ маюць адпаведныя дыпломы.

Тым не менш, спыняцца на дасягнутым Беларусь не збіраецца. Праекты экалагічнай скіраванасці, якія рэалізуюцца ў нашай краіне Праграмай развіцця ААН, будуць прадстаўлены на XV Рэспубліканскім экалагічным форуме. Мерапрыемства пройдзе ў Навагрудку 7–8 чэрвеня 2019 года.

Клопат пра навакольнае асяроддзе – гэта абавязак кожнага грамадзяніна. Таму Дзень аховы навакольнага асяроддзя – гэта агульнае свята, калі кожны павінен задумацца: «Што я пакіну нашчадкам?».

 

НІА