Штогод 1 чэрвеня шматлікія краіны свету адзначаюць Міжнародны дзень абароны дзяцей (International Children's Day). Гэта свята было афіцыйна заснавана рашэннем Кангрэса Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын у лістападзе 1949 года ў Парыжы. Упершыню Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначылі ў 1950 годзе, пасля чаго традыцыя стала штогадовай.

Мэта мерапрыемства – нагадванне дарослым аб неабходнасці выканання правоў дзяцей на жыццё, захаванне індывідуальнасці, свабоднае выказванне свайго меркавання, свабоду думкі, сумлення і рэлігіі, адукацыю, адпачынак і вольны час, абарону ад фізічнага і псіхалагічнага гвалту, эксплуатацыі дзіцячай працы як абавязковых умоў для фарміравання гуманнага і справядлівага грамадства.

Свята мае свой сцяг. У цэнтры зялёнага палатна, якое сімвалізуе рост, гармонію, свежасць і ўрадлівасць, размешчаны знак Зямлі   сімвал агульнага дома для ўсіх дзяцей. Вакол знака Зямлі размешчаны пяць стылізаваных фігурак – чырвоная, жоўтая, сіняя, белая і чорная, якія азначаюць разнастайнасць і памяркоўнасць.

Ужо традыцыйна 1 чэрвеня ва ўсім свеце праходзяць шматлікія культурна-забаўляльныя мерапрыемствы – фестывалі, канцэрты, флэшмобы, спаборніцтвы, конкурсы, – закліканыя адсвяткаваць гэты дзень. Удзельнікамі такіх мерапрыемстваў з’яўляюцца, як правіла, самі дзеці. Таксама ў гэты дзень праводзяцца «дарослыя» мерапрыемствы, скіраваныя на тое, каб прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да праблем, якія тычацца выканання правоў дзяцей, абмеркаваць шляхі вырашэння гэтых праблем. Актыўную практыку маюць дабрачынныя акцыі і канцэрты. Грошы, сабраныя на такіх мерапрыемствах, ідуць у дзіцячыя дамы, бальніцы, на аказанне адраснай дапамогі тым, хто ў ёй мае асаблівую патрэбу.

На сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь пражывае больш за 1 млн 680 тыс. юных грамадзян ва ўзросце да 15 гадоў. Абарона іх правоў і інтарэсаў – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай краіны. Правы і законныя інтарэсы маленькіх грамадзян замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, Законе Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці» і інш. Па дадзеных міжнароднай дабрачыннай арганізацыі Save the Children, Беларусь займае 35 месца сярод краін з найлепшымі ўмовамі жыцця для дзяцей.

З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей у Беларусі пройдуць святочныя мерапрыемствы. Прыняць юных наведвальнікаў і здзівіць іх сваёй праграмай гатовыя музеі, заапаркі, Батанічны сад, развіваючыя цэнтры, а таксама сямейныя кафэ.

 

НІА