Штогод 18 мая ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Святкаванне гэтага дня ўстаноўлена 11 Генеральнай канферэнцыяй Міжнароднага савета музеяў, якая праходзіла ў 1977 годзе ў Маскве і Ленінградзе.

У 1992 годзе было прапанавана праводзіць Міжнародны дзень музеяў на пэўную тэматыку. Роля музея ў жыцці грамадства істотна змянілася: важна не толькі захаваць каштоўнасці і паказаць іх наведвальніку, але і «ўключыць» чалавека ў пэўны гістарычны асяродак, стаць пляцоўкай для абмену думкамі, ідэямі; таму ўсё часцей адкрываюцца інтэрактыўныя музеі. Музейныя ўстановы выступаюць ініцыятарамі розных праектаў, дзе ўсе могуць стаць стваральнікамі чагосьці новага, узаемадзейнічаць паміж сабой. Сёння музеі імкнуцца знайсці тую залатую сярэдзіну паміж захаваннем традыцый і пошукам інавацыйных метадаў работы, каб наблізіцца да запатрабаванняў спажыўцоў.

Больш за тое, музеі нярэдка выступаюць медыятарамі ў вырашэнні сацыяльных праблем і канфліктаў, наладжваючы масты паміж культурамі, народамі.

Таму невыпадкова тэма сёлетняга Міжнароднага дня музеяў – «Музеі як цэнтры культуры: будучае традыцыі». Гэтай жа тэме будзе прысвечана традыцыйная Генеральная канферэнцыя Міжнароднага савета музеяў, якая пройдзе 1–7 верасня 2019 года ў Кіёта (Японія).

Адной з традыцый Міжнароднага дня музеяў стала правядзенне ночы музеяў. Гэтая ідэя бярэ свой пачатак з 1970-х гадоў, калі музеі працягвалі сваю работу, каб наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з калекцыямі.

У 1997 годзе ў Берліне прайшла першая акцыя «Доўгая ноч музеяў», калі музеі можна было наведаць бясплатна і экскурсіі праводзіліся ўсю ноч. Акцыя мела неверагодны поспех. І на наступны год да яе далучыліся яшчэ 20 гарадоў Германіі.

Сёння «Ноч музеяў» – міжнародны праект, які падтрымліваецца Міжнародным саветам музеяў і Саветам Еўропы. Акцыя скіравана на прыцягненне наведвальнікаў, якія пражываюць паблізу, для якіх музей «так блізка і далёка».

Сёлета музеі Беларусі падрыхтавалі цікавыя і незвычайныя праграмы для сваіх начных наведвальнікаў. Так, 18 мая ў музеі-запаведніку «Нясвіж» у працэсе імерсіўнага шоу «Прыезд караля» можна паўдзельнічаць у падрыхтоўцы да візіту апошняга караля Рэчы Паспалітай у Нясвіж.

17 мая ў будынку езуіцкага калегіума ў Оршы можна прайсці квэст «25 тайнаў ордэна езуітаў», пабываць у савецкім атэлье «Нарцыс», дзе будуць прадстаўлены розныя мадэлі адзення.

Наведвальнікаў Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава чакае інтэрактыўная праграма «Нясумны музей», якая ўключае квэсты, ажыўшыя партрэты, аквагрым і шмат іншага.

17 мая ў музеі Гомеля пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных культуры і традыцыям Кітая і Беларусі.

Пазнаёміцца, пагаварыць, памаляваць, памузыцыраваць, паспрачацца, пасябраваць, пабавіць час за добрай экалагічнай гарбатай і кавай, якія заўсёды маюць свой асабісты смак, можна будзе 18 і 19 мая ў майстэрні-атэлье артыстычнай дынастыі Кашкурэвічаў у Мінску.

І яшчэ шмат цікавага і незвычайнага вас чакае ў розных музейных кутках Беларусі. Больш падрабязна праграмы акцыі «Ноч музеяў» прадстаўлены тут.

 

НІА