У кожнай дзяржавы ёсць свае галоўныя атрыбуты самабытнасці і незалежнасці, якія ўвасабляюць гісторыка-культурную спадчыну народа, падкрэсліваюць нацыянальны дух і годнасць грамадзян. У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Рашэнне аб увядзенні сучасных Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь было прынята на падставе праведзенага рэферэндума, які адбыўся 14 мая 1995 года па ініцыятыве Прэзідэнта краіны. З таго часу штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

На нашым сцягу тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер сімвалізуе крэўныя повязі, братэрства, мужнасць, перамогу, а таксама шчасце і жыццё. Зялёны колер – колер росту, развіцця, дабрабыту, міру і дабра. Белы колер – колер свабоды, маральнай чысціні і мудрасці. Беларускі нацыянальны арнамент на Дзяржаўным сцягу ўвасабляе старажытную культуру нашага народа, яго працавітасць, духоўнае багацце і адзінства.

Дзяржаўны герб адлюстроўвае асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, працу, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і суверэннасць. Так, зялёны контур дзяржаўных граніц Рэспублікі Беларусь у промнях узыходзячага сонца – сімвал нашай зямлі-Айчыны. Зямны шар – знак таго, што Беларусь, з’яўляючыся часткай цывілізацыі, успрымае ўсе іншыя народы як сяброў і партнёраў. А Зямля ў промнях узыходзячага сонца ўвасабляе веру ў вечнасць жыцця. Вянок з каласоў, пераплеценых кветкамі канюшыны і льну, – сімвал памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі. Пяціканцовая чырвоная зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, сяброўства людзей усіх пяці кантынентаў Зямлі. Гэтая выява на гербе адлюстроўвае лепшыя якасці беларускага народа – працавітасць, імкненне да свабоды і патрыятызм.

У Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь па ўсёй краіне традыцыйна праводзяцца святочныя мерапрыемствы з удзелам ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і моладзі. Асноўнай пляцоўкай урачыстасцей з 2013 года з’яўляецца плошча Дзяржаўнага Сцяга, размешчаная ў Мінску на праспекце Пераможцаў, над якой узвышаецца 70‑метровая стэла-флагшток з галоўным дзяржаўным сімвалам.

 

НІА