Традыцыя святкаваць 1 мая бярэ свой пачатак са старажытнага Рыма. Жыхары Апенінскага паўвострава ў гэты дзень прыносілі ахвяры багіні Маі – апякунцы ўрадлівай зямлі. Ад яе імя пайшла назва месяца ў рымскім календары. Звычай вясёлага святкавання 1 мая распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе: у Францыі, Англіі і Шатландыі ў гэты дзень праводзяцца вясёлыя шэсці, жыхары Сіцыліі збіраюць лугавыя рамонкі, якія прыносяць шчасце, а іспанцы адзначаюць свята ўсіх кветак. Цікава адзначаюць 1 мая жыхары Германіі: яны сядзяць дома, каб не стаць здабычай ведзьмаў, якія збіраюцца з усяго свету з 30 красавіка на 1 мая на гары Брокен у Вальпургіеву ноч…

Пачатак жа сучаснага значэння Першамаю хаваецца ў падзеях, якія адбыліся ў гэты дзень у 1886  годзе. Чыкагская паліцыя жорстка разагнала дэманстрацыю працоўных, якія выступалі за паляпшэнне ўмоў працы. На той час працоўны дзень складаў 11–12 гадзін, сярэдні заробак рабочага быў 300 долараў за год (сярэдні кошт жыцця тады – каля 720 долараў за год), ніхто не займаўся пытаннямі аховы працы, актыўна выкарыстоўвалася амаль бясплатная праца дзяцей. Чыкага стаў горадам, дзе разгарнуўся масавы рабочы рух. Тут дзейнічалі аддзяленні Ордэна рыцараў працы, Амерыканскай Федэрацыі прафсаюзаў, Сацыялістычнай рабочай партыі, а таксама актыўна дзейнічала Міжнароднае таварыства працоўных. Хваля забастовак 1 мая 1886 года пракацілася па ўсіх Злучаных Штатах, але найбольш масавы характар гэты рух быў у Чыкага: не працавала ні адно прадпрыемства. На вуліцах пачаліся беспарадкі, загінулі дзясяткі людзей, сотні былі паранены.

Як памяць пра тыя падзеі, у снежні 1888 года Сент-Луіскі з’езд Амерыканскай Федэрацыі Працы вырашыў лічыць 1 мая 1890 года днём агульнанацыянальнага выступлення за правы рабочых. У 1893 годзе Парыжскі кангрэс ІІ Інтэрнацыянала прызначыў на 1 мая Дзень салідарнасці рабочых усяго свету і прапанаваў святкаваць гэты дзень дэманстрацыямі з сацыяльнымі патрабаваннямі.

На тэрыторыі Беларусі ўпершыню 1 мая адзначалася на тайным сходзе рабочых у 1895 годзе, а ўжо ў 1905 годзе гэты рух набыў масавы характар і распаўсюдзіўся на розныя гарады.

У 1917 годзе ўпершыню амаль ва ўсіх гарадах Беларусі прайшлі першамайскія шэсці па вуліцах. У Савецкім Саюзе 1 Мая было адным з галоўных і любімых святаў. Яго называлі святам вясны. У народзе яшчэ многія памятаюць легендарныя лозунгі: «Мір! Праца! Май!».

Сёння гэты дзень губляе свой ідэалагічны складнік. Свята адзначаецца ў 142 краінах і тэрыторыях свету. У большасці з іх 1 Мая – дзень народных гулянняў, мірных шэсцяў, сустрэч з сябрамі і блізкімі.

У сучаснай Беларусі 1 мая адзначаецца як агульнарэспубліканскае Свята працы. Гэты дзень лічыцца непрацоўным. Усе па-рознаму праводзяць час: хтосьці ідзе на мітынг ці дэманстрацыю, хтосьці – на маёўку, а хтосьці прысвячае сваёй сям’і. Сумленная праца кожнага – гэта дабрабыт нашай краіны. У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 19 красавіка 2019 года Прэзідэнт нашай краіны адзначыў: «Чалавек, яго ініцыятыва і імкненне жыць лепш павінны стаць галоўнай рухаючай сілай развіцця краіны на бліжэйшыя гады».

У дзень 1 Мая мы хацелі б павіншаваць усіх, хто аддаваў і аддае жыццё працы дзеля ўласнага дабрабыту і дабрабыту сваёй сям’і, роднага краю. Жадаем, каб жыццёвыя сілы абнаўляліся, каб праца была радаснай і прыемнай, каб усе пачынанні заканчваліся поспехам і давалі добры плён!

 

НІА