Менавіта такая праблема сёлета стала галоўнай у Сусветны дзень здароўя, які ўжо шмат гадоў запар адзначаецца 7 красавіка.

Традыцыя святкаваць гэты дзень была закладзена яшчэ ў 1948 годзе Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, якая налічвае 194 краіны-ўдзельніцы, у тым ліку і Беларусь.

Сусветны дзень здароўя – гэта глабальная кампанія, якая накіравана на прыцягненне ўвагі кожнага жыхара нашай планеты да праблем здароўя і аховы здароўя, а таксама мае на мэце правядзенне сумесных захадаў для абароны здароўя і дабрабыту людзей. Штогод гэты дзень прысвячаецца пэўнай праблеме: «У бяспецы тваёй крыві – выратаванне жыцця многіх», «Актыўнасць – шлях да даўгалецця», «Цяжарнасць – асаблівая падзея ў жыцці. Зробім яе бяспечнай», «Абаронім здароўе ад змяненняў клімату», «1000 гарадоў – 1000 жыццяў», «Урбанізацыя і здароўе», «Устойлівасць да супрацьмікробных прэпаратаў і яе глабальнае распаўсюджванне», «Добрае здароўе дадае гады жыцця», «Высокі артэрыяльны ціск», «Маленькі ўкус – крыніца вялікай небяспекі», «Бяспека харчовых прадуктаў», «Пераможам дыябет!», «Дэпрэсія: давай пагаворым», «Здароўе для ўсіх» і інш.

Сёлета асобая ўвага надаецца праблеме ўсеагульнага ахопу паслугамі аховы здароўя, каб дапамагчы людзям разабрацца, якая падтрымка і якія паслугі павінны быць ім даступны і дзе іх можна атрымаць.

Ідэя ўсеагульнага ахопу паслугамі аховы здароўя заключаецца ў тым, каб своечасова забяспечыць усіх людзей неабходнымі якаснымі паслугамі незалежна ад фінансавых магчымасцяў.

Ва ўсіх рэгіёнах свету многія краіны праводзяць паспяховую работу ў гэтым кірунку. Але мільёны людзей дагэтуль не маюць магчымасці карыстацца паслугамі аховы здароўя або вымушаны рабіць выбар паміж выдаткамі на лячэнне і выдаткамі на такія базавыя патрэбы, як харчаванне, адзенне, жыллё.У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае адна з самых даступных сістэм аховы здароўя. Яна захавала дзяржаўны характар з бюджэтнай сістэмай фінансавання. У краіне функцыянуе каля 600 арганізацый аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, і каля 1500 амбулаторна-паліклінічных арганізацый; 17 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, 143 цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, больш за тры тысячы аптэк, 134 станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.

У Беларусі дзейнічае чатырохузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі: ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Актыўна ўкараняюцца новыя тэхналогіі ў абласных і міжраённых цэнтрах.

Тым не менш, праблема роўнага і справядлівага доступу да паслуг аховы здароўя з’яўляецца актуальнай для большасці краін свету. Таму ў верасні 2019 года ў рамках Генеральнай Асамблеі ААН адбудзецца нарада па ўсеагульным ахопе паслугамі аховы здароўя. Сёлетні ж Сусветны дзень здароўя – гэта адна з магчымасцяў прыцягнення ўвагі і распаўсюджвання інфармацыі пра забеспячэнне доступу да паслуг аховы здароўя не толькі на карысць захавання здароўя асобна ўзятага чалавека, але і на карысць здароўя грамадства ў цэлым.

НІА
па матэрыялах вэб-сайта
Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і
афіцыйнага інтэрнэт-партала
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь