Печать
Категория: Праздники и знаменательные даты

Штогод 27 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень тэатра. Гэтае свята было ўстаноўлена Міжнародным інстытутам тэатра і ўпершыню адзначалася 27 сакавіка 1962 года ў дзень адкрыцця сезона Тэатра Нацый у Парыжы, дзе прагучала пасланне французскага пісьменніка і мастака Жана Както. З таго часу Дзень тэатра адзначаецца па ўсім свеце і традыцыйна праходзіць пад дэвізам: «Тэатр як сродак ўзаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі».

Задачы Міжнароднага дня тэатра (а таксама і Міжнароднага дня танца) такія: распаўсюджваць мастацтва па ўсім свеце; тлумачыць каштоўнасць мастацтва; садзейнічаць танцавальным і тэатральным супольнасцям у развіцці іх творчасці, каб прыцягнуць грамадскасць да разумення гэтых формаў мастацтва і іх падтрымкі; атрымліваць задавальненне ад мастацтва.

Першыя згадкі пра тэатральныя пастаноўкі датуюцца 2500 годам да н. э. Першыя вядомыя тэатральныя пастаноўкі праходзілі ў Егіпце і былі прысвечаны гісторыі бога Асірыса. Разнастайныя формы відовішчаў са сцэнічнай тэхнікай існавалі ў Старажытнай Грэцыі, Індыі, Кітаі, Японіі і іншых краінах. У сярэднявеччы носьбітамі тэатральнай творчасці былі вандроўныя акцёры. Са старажытных часоў вядомы тэатр лялек.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва – у народных святах, абрадах, рытуалах, гульнях.

З даўніх часоў княскія і баярскія піры ажыўляліся прысутнасцю скамарохаў, асабліва піры вясельныя. Але выступалі скамарохі і на вуліцах, плошчах, на палях. З ХVІ ст. вядомы беларускі народны тэатр батлейка. Падобныя тыпы тэатраў існавалі і існуюць ва Украіне (вяртэп), у Расіі (тэатр Пятрушкі), Польшчы (шопка). У розных варыянтах батлейка была вядома па ўсёй Беларусі. Батлеечнікі, якіх на Гарадзеншчыне называлі ралёшнікамі, а на Магілёўшчыне – кукольнікамі, вадзілі лялек па проразях паверхаў двух’яруснай скрынкі. Тэатральныя пастаноўкі адбываліся часцей на вуліцах гарадоў, мястэчак, а таксама ў месцах збору людзей (шынок, карчма, вялікая хата) на святы. Падчас батлеечных пастановак ігралі на скрыпцы ці білі ў бубен. Часцей разыгрываліся сцэнкі з адвольнай інтэрпрэтацыяй жыцця Хрыста («Цар Ірад», «Цар Максіміліян»), а таксама бытавыя замалёўкі пра Дзеда, Бабу, Селяніна, Цыгана, Франта, Салдата, Доктара і інш. («Мужык і доктар», «Вольскі – купец польскі», «Франт і паненка» і інш.).

Унікальнай з’явай беларускай культуры з’яўляюцца так званыя «прыгонны тэатр», у якім акцёрамі былі прыгонныя сяляне, і «школьны тэатр» пры духоўных навучальных установах. З ХVІІІ ст. атрымалі распаўсюджанне прыватныя гарадскія і маёнткавыя тэатры (Шклоўскі тэатр Зорыча, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, тэатры ў Магілёве, Слуцку, Слоніме. Першыя спробы стварэння беларускай прафесійнай драматургіі і нацыянальнага тэатра адносяцца да ХІХ ст.

У пачатку ХХ ст. былі шырока распаўсюджаны так званыя «беларускія вечарынкі», якія садзейнічалі ўзнікненню прафесійнага беларускага тэатра – Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Вялікі ўнёсак у развіццё прафесійнага беларускага тэатра ўнеслі арганізаванае ў 1917 годзе Першае беларускае таварыства драмы і камедыі і створаны ў 1920 годзе Беларускі дзяржаўны тэатр.

Сёння ў Беларусі дзейнічаюць 28 дзяржаўных прафесійных тэатраў. Штогод адбываецца каля 10 000 паказаў спектакляў, колькасць наведванняў складае каля 2 000 000.

Пастаноўкі нашых тэатраў вядомы далёка за межамі Беларусі. Традыцыйнымі сталі гастролі ў Польшчы, Літве, Кітаі, Францыі і іншых краінах свету.

Пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праводзяцца міжнародныя тэатральныя фестывалі і форумы: «М.@rt.контакт» (Магілёў), «Белая Вежа» (Брэст), «ТеАРТ» (Мінск), «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (Гомель), Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча.

Вось і сёння у Міжнародны дзень тэатра завяршае сваю работу XIV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.контакт», які стартаваў тыдзень таму – 21 сакавіка. Сёлета было прадстаўлена 23 спектаклі з 10 краін свету: Беларусі, Грузіі, Латвіі, Арменіі, Украіны, Ізраіля, Польшчы, Літвы і інш.

Міжнародны дзень тэатра не мае ў Беларусі афіцыйнага дзяржаўнага статусу, але ў гэты дзень хочацца павіншаваць усіх работнікаў тэатраў і пажадаць творчых поспехаў і новых адкрыццяў!

 

НІА