Згодна з рэзалюцыяй трыццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ад 15 лістапада 1999 года, штогод 21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. Гэтае свята павінна садзейнічаць моўнай разнастайнасці праз магчымасці паэтычнага слова, развіццю вершавання, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў і інш. Асноўная ж сярод іх – «надаць новы імпульс і новае прызнанне нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным паэтычным рухам».

Паэзія – гэта рашэнне самых надзённых і вострых задач, якія стаяць перад асобай. Але сёння, на жаль, усё часцей гучаць пытанні: навошта і як чытаць вершы. Ніколькі не прэтэндуючы на вычарпальнасць пастаўленай праблемы, паспрабуем даць некалькі парад.

Са старажытных часоў паэзія была абавязковым складнікам адукацыі, а сёння часцяком можна пачуць, што вершы – гэта пачуцці, слёзы, ахі, уздыхі, кветачкі, ружовыя воблачкі... Але ж ёсць паэтычныя творы пра сяброўства, пра вайну, пра прыроду, глыбокія філасофскія разважанні.

Мы жывём у постмадэрнісцкім свеце, заснаваным на цытатнасці і гіпертэксце: паўсюль спасылкі на тое, што ўжо перажыло чалавецтва. Зразумець гэты свет без пэўнага культурнага мінімуму немагчыма. На жаль, пазбаўляючы сябе задавальнення чытаць паэзію, мы губляем ключ да разумення не толькі многіх твораў мастацтва, але і жыццёвых арыенціраў. Чытанне вершаў – гэта будаванне мастка ад мінулага ў сучаснасць, дэкадзіраванне культурных традыцый і захапляльнай гісторыі ўласнага народа і ўсяго чалавецтва. Менавіта паэты найчасцей аператыўна адгукаліся на патрэбы грамадства, стваралі рэальнасць, якая змяняла час і людзей. Згадаем хаця б паэзію гадоў Другой сусветнай. Зборнік вершаў «Слуцкі пояс» Анатоля Астрэйкі выдаваўся на акупаванай немцамі тэрыторыі. Не было ні паперы, ні шрыфтоў, ні фарбы. Каб знайсці паперу, партызаны напалі на нямецкі гарнізон, шрыфты былі выкрадзены ў захопленай фашыстамі слуцкай друкарні, а фарбу зрабілі з сажы і ваксы. Застаўкі для афармлення выразалі з дубу і бярозы. Выданне цягнулася паўтара месяца, выйшла аж 1000 асобнікаў гэтай кнігі, якія адразу адпраўляліся ў партызанскія атрады і брыгады. Сам А. Астрэйка згадваў, што нават у самы адчайны час, калі не было паперы на самакрутку, ніхто з партызанаў не адважваўся выкарыстаць аркушы кнігі з вершамі.

Разам з тым, чытанне паэзіі – гэта не толькі атрыманне асалоды, не толькі ключ да разумення гісторыі і сучаснасці, гэта яшчэ і вялікая праца. Чытанне верша часам напружвае і стамляе, бо тэкст, сатканы з рыфмаў, рытму, незвычайных вобразаў, моўных сродкаў, адрозніваецца ад штодзённай размовы з сябрамі, бацькамі, людзьмі на вуліцы. Тут важна не спыніцца, даць сваім мазгам нагрузку. Пранікненне ў лабірынты сэнсаў заўсёды звязана з духоўным ростам і самасцвярджэннем.

На гэтым шляху лёгка паслізнуцца. Чытанне вершаў павінна быць святам, а не будзённым абавязкам. Можна пачаць з чытання аднаго верша за сняданкам у нядзелю. Няхай гэты рытуал даказвае, што магчыма пераадолець ляноту, нежаданне нешта мяняць. Калі не спадабаўся твор, то няма нічога страшнага: проста неабходна ўзяць іншую кнігу, іншы верш. Магчыма, сёння не такі настрой або гэты верш ці гэты паэт не падыходзяць канкрэтнаму чалавеку.

Пачынаць трэба з вершаў простых для разумення, з твораў Коласа, ранняга Куляшова, Лермантава, Ясеніна, Кіплінга, Бёрнса. Паступова адкрыецца паэзія са схаваным сэнсам, двайным дном.

Калі верш, здаецца, падабаецца, але сэнс кудысьці ўцякае, то неабходна вярнуцца да пачатку. Трэба падумаць, якія эмоцыі выклікае твор. Дастаткова часта мэта паэта – данесці чытачу пэўную эмоцыю або апісаць падзею ці месца. Прасачыўшы за сваімі адчуваннямі, можна зразумець, якія пачуцці імкнуўся данесці паэт.

Каб аблегчыць разуменне верша, неабходна знайсці літаральны сэнс. Гэта самая відавочная версія таго, пра што твор. Верш можа быць вельмі заблытаным, але напісаны ён, як правіла, звычайнымі словамі, якія маюць зразумелае лексічнае значэнне. Каб знайсці ідэю, можна верш пераказаць. Магчыма, так і адкрыецца яго сэнс.

Нельга забываць і пра другі план. Для гэтага верш чытаецца некалькі разоў, каб адшукаць ключавыя словы ці фразы. Якія асацыяцыі выклікаюць гэтыя словы? Чаму паэт выкарыстаў менавіта гэтыя словы?

Напрыклад, у Васіля Зуёнка чытаем:

Людзі будуюць вечнасць,

Ды боскай гліны не маюць

І ў слепаце чалавечай

Руйнуюць, а не ствараюць.

Што такое боская гліна, ці з’яўляецца слепата чалавечая фізічным калецтвам? Не! Слова Бог выклікае ўзвышаныя пачуцці, асацыяцыі з ідэальным і духоўным у жыцці асобы, пры слове ж слепата ўяўляецца пакрыўджаны чалавек, якому шмат недаступна. Таму боская гліна – гэта духоўнасць, адсутнасць якой (слепата) вядзе да знішчэння.

Пранікненне ў глыбіні паэзіі – гэта праца, якая абавязкова дасць вынік.

І заўсёды трэба памятаць парады, якія даваў сваім вучням малады настаўнік Джон Кітынг з фільма Пітэра Уіра «Таварыства мёртвых паэтаў»: «Лаві імгненне, пакуль спіць час», «Няхай гавораць усё, што заўгодна, але словы і ідэі могуць змяніць свет!», «Я стаў на стол, каб нагадаць сабе, што трэба глядзець на рэчы з розных пунктаў гледжання».

У кожнага чалавека ёсць свой спіс паэтаў, творы якіх ён хацеў бы прачытаць ці перачытаць. Сярод маіх фаварытаў Уладзімір Караткевіч, Максім Танк, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў, Анатоль Вярцінскі. А які спіс прапануеце ВЫ?

В. І. Караткевіч,
навуковы супрацоўнік лабараторыі
гуманітарнай адукацыі НІА